Улады дазволяць купляць валюты колькі хочаш


Купляй валюты, колькі хочаш! Нацыянальны банк Беларусі падрыхтаваў дакумент, пасля прыняцця якога айчынныя прадпрыемствы ды індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць без аніякіх абмежаванняў набываць замежную валюту на ўнутраным рынку. Новаўвядзенні могуць набыць моц ужо 1-га студзеня 2018-га года, паведамляе БелаПАН.

«Самі па сабе абмежаванні як мэтавага набыцця валюты, гэтак і абавязковай продажы валюты сталі апошнім часам анахранізмам, які ніяк значна не дапамагае дзяржаве ажыццяўляць валютны кантроль, аднак стварае асобныя нязручнасці для бізнесу», – тлумачыць эканаміст Леанід Фрыдкін.

Што зменіцца цяпер?

Мэтавая пакупка валюты юрыдычнымі асобамі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі дзеіць у нашай краіне яшчэ з пачатку 90-х гадоў. Зараз набыць долары, еўры ці іншую валюту на ўнутраным рынку суб’екты гаспадарання могуць толькі на адпаведныя мэты: для выканання абавязкаў перад нерэзідэнтамі, выплаты камандзіравальных, а таксама для разліку з банкамі пры пагашэнні крэдытаў. Пасля новаўвядзення іпэшнікам і юрыдычным асобам больш не спатрэбіцца звяртацца ў Нацбанк, каб купіць валюту на мэты, не прадугледжаныя законам. Новаўвядзенні дадуць новыя магчымасці для бізнесу, аднак айчынныя прадпрыемствы наўрад ці будуць карыстацца гэтымі магчымасцямі.

«Зараз курсы замежных валютаў то растуць, то падаюць, яны могуць падаць дастаткова працяглы час. Таму наўпроставай карысці для набыцця валюты няма. Акрамя гэтага, стаўкі па валютным дэпазітам настолькі нізкія, што мэты набыць валюту і пакласці яе на дэпазіт таксама няма», – упэўнены эканаміст Вадзім Іосуб.

Не ўсё так добра, як здаецца

Нягледзячы на відавочныя паслабленні, субʼектам гаспадарання ўсё ж давядзецца даваць справаздачу дзяржаве, на якія мэты плануецца выдаткаваць набытую валюту – напрыклад, спатрэбіцца дазвол рэгулятару на аперацыі, звязаныя з рухам капіталу. Да таго ж самыя новаўвядзенні не адмяняюць кантролю з боку падаткавікоў.

«Так што расслабляцца з гэтым рашэннем, калі яно стане нарматыўным актам і ўступіць у моц, я б нікому не раіў», – дадае спадар Фрыдкін.

Улады пагадзіліся на чарговы крок фінансавай лібералізацыі ў большай ступені таму, што гэта ім карысна: менавіта ад скасавання мэтавай пакупкі валюты залежыць, ці атрымае Беларусь сёмы транш крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum