Беларусаў трымаюць за алкаголікаў? На час жніва ўведзены «сухі закон»


Беларусы з года ў год трапляюць у рэйтынг найбольш пітушчых краінаў. Між тым паправіць здароўе нацыі ва ўладаў краіны аніяк не атрымліваецца. Можа, праз тое, што цяжка абмяжоўваць спажыванне таго, на продажы чаго зарабляеш. Выйсце, аднак, ёсць: замест кароткатэрміновай забароны на распіванне лепш рабіць усё, каб беларусы спажываць алкаголь папросту не хацелі.

Каб жніво прайшло лепш, патрэбнае сухое надвор’е і сухі закон

На Віцебшчыне сельскія выканкамы абмяжоўваюць продаж алкаголю на перыяд уборачнай кампаніі. Недзе вадкасць з градусам не прадаюць з 17:00 да 11:00, а дзе-нідзе забарона дзее і наагул нон-стоп.

«Дзеля запэўнівання бяспекі, захаванасці ўраджаю і дзяржуласнасці, а таксама дзеля перадухілення парушэнняў працоўнай дысцыпліны і правапарушэнняў УУС Віцебскага аблвыканкаму звярнулася ў мясцовыя органы ўлады з хадайніцтвам аб абмежаванні продажу алкаголю на перыяд уборачнай кампаніі. Яно было падтрыманае», – заявілі ў Віцебскім аблвыканкаме.

Крок падмацоўваецца статыстыкаю

Практычна ў кожнай гаспадарцы рэгіёну праваахоўнікі выяўляюць дробныя парушэнні ды ўжо склалі больш за сотню пратаколаў – у тым ліку на механізатараў, якія кіравалі тэхнікаю нападпітку. «Белсат» выправіўся па слядах афіцыйнай забароны ў Віцебскі раён.

«Белсату» гэтак пашчасціла, ці забарона расцягнулася ў часе, аднак слядоў антыалкагольных абмежаванняў мы не знайшлі. Ані ў сельскіх крамах, ані пад імі. Вяскоўцаў, якія зранку ўжо выпілі – шмат.

Зрэшты, мясцовыя камбайнеры запэўнілі, што цяпер ім і без забароны – не да алкаголю.

Жыць і працаваць без забаронаў можна

Галоўнае – каб было да чаго імкнуцца, а не чаго баяцца. Тады і піўка для рыўка не спатрэбіцца.

Валеры Руселік, «Белсат», фота: mv.gorodskoitelegraf.ru