У Беларусі практычна няма шанцаў быць апраўданым у судзе


Гэта вынікае са статыстыкі, апублікаванай Вярхоўным судом. За мінулы год на 500 асуджаных у крымінальнай справе прыходзіўся ўсяго адзін апраўдальны вырак.

Калі невінаваты трапіў за краты ў СІЗА, то які шанец, што на судзе яго апраўдаюць? 0,18 %!Гэта вынікае са справаздачы Вярхоўнага Суда аб усёй судовай сістэме Беларусі за мінулы год. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь:

«У выніку судовых разбіральніцтваў асуджаныя 40 612 асобаў… Апраўдальныя выракі вынесеныя 80 асобам. Асноўнымі падставамі для апраўдання былі адсутнасць у дзеяннях складу злачынства або недаказанасць удзелу абвінавачанага ў яго здзяйсненні».

Атрымліваецца, асуджаных у 500 разоў больш за апраўданых. Вось што думаюць пра такія лічбы апытаныя «Белсатам» жыхары Менску:

«Сорамна нашай уладзе мусіць быць за гэта. Трэба аб’ектыўна разглядаць кожную справу асобна».

«У нашым судзе ў прынцыпе ўсё можна вырашыць за грошы, і нават невінаватага чалавека падставіць можна».

«Следчыя зацікаўленыя ў тым, каб пасадзіць чалавека, атрымаць пагоны і прэмію».

«Кругавая парука ёсць. А справядлівасці няма».

У 2017-м прапорцыя была трохі лепшая – 440 асуджаных на 1 апраўданага. За гэтымі сухімі лічбамі можна пабачыць безліч паламаных лёсаў. І агульную несправядлівасць судовай сістэмы, дзе суддзяў прызначае Адміністрацыя прэзідэнта.

«Адсутнічае ў патрэбнай ступені спаборнасць працэсу, абвінавачвальны ўхіл. І ў прынцыпе такое паняцце, як прэзумпцыя невінаватасці, трохі змяшчаецца. Па сутнасці, адвакат ці абвінавачаны сам мусіць даказваць сваю невінаватасць, хаця, паводле Канстытуцыі, мусяць даказваць яго віну», – адзначае Вікторыя Фёдарава,

старшыня РГА «Прававая Ініцыятыва».

Ад следчых патрабуюць добрых лічбаў раскрывальнасці злачынстваў – і вінаватых знаходзяць усімі патрэбнымі і не заўжды законнымі метадамі.

«Нядаўна быў выпадак, калі ў звычайнай крымінальнай справе, непалітычнай, калі былі сабраныя доказы з яўным парушэннем закону, замест таго, каб вынесці апраўдальны вырак, проста вынеслі адміністратыўную адказнасць замест крымінальнай. Каб не псаваць статыстыку», – узгадвае сваю практыку Вікторыя Фёдарава.

Пры гэтым, як адзначае старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава, не кожны суддзя будзе расследаваць парушэнні закону, пра якія заявіць падсудны на працэсе. Калі следчыя выбівалі паказанні фізічна, прыцягнуць іх саміх да адказнасці вельмі цяжка. А калі невінаватага чалавека апраўдаюць, ён можа патрабаваць ад дзяржавы кампенсацыю. А значыць, кагосьці пазбавяць прэміі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu