Аб'ектыў 08.06.2017 У Беларусь вернуць практыку сацыялістычных спаборніцтваў


Беларусь вяртаецца да сістэмы працоўных спаборніцтваў. Гэткую ініцыятыву агучыў старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. Зрэшты, карані чарговага вяртання ў СССР варта шукаць у іншым месцы – у кабінеце Аляксандра Лукашэнкі, дзе абодва чыноўнікі сустрэліся яшчэ 19-га траўня.

Усялякае новае – добра забытае старое

Паводле старшыні «ФПБ», адраджаць савецкую традыцыю трэба дзеля чалавека працы! Каб узняць і ягоную ролю і ролю ўласна працы.

«Вось гэтая дэмагогія пра тое, што трэба падымаць значэнне чалавека працы, павагі да яго – дык гэта даўно трэба было рабіць! І нельга было дапускаць, наколькі яны апусцілі працоўнага чалавека! Паставілі яго ў паўрабскае становішча гэтай кантрактнай сістэмай і ўсімі гэтымі дэкрэтамі, якія ўвёў прэзідэнт», – абураецца Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў.

Як павысіць прэстыж чалавека працы? Адказы – на паверхні!

«Трэба падняць зарплату – гэта найперш!».

«Сужывецтвы найперш, маласямейнае жытло. Ну і даваць магчымасць будаваць сваё жытло: крэдыты павінны быць даступныя».

«Капіталіст патрэбны зараз, гаспадар, які сапраўды робіць усё, каб і яму жылося лепш, і людзям каб лепей жылося».

«Каб плацілі нармальна, то і ўсе будуць гнуць спіну».

«Трэба, каб мазгі кіравалі краінай, прафесіяналы».

«Зарплату павысіць трэба, каб людзі ведалі, за што працуюць. А так – за што яны працуюць? За капейкі?».

– выказаліся мінакі менскіх вуліцаў.

А за капейкі – які сэнс ірваць жылы за прэстыж прадпрыемства, калі штодня думаеш, як тут ногі не працягнуць?

Валеры Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары