Ціханоўская робіцца лідарам


Чым заходнія краіны могуць паўплываць на Лукашэнку і прыспешыць дэмакратычныя перамены ў Беларусі? Пра гэта Святлана Ціханоўская размаўляла з кіраўніком дыпламатычнай службы Канады. Чым нам можа дапамагчы Захад і чаму ён размаўляе менавіта са Святланаю Ціханоўскай?

Канада дапаможа Святлане Ціханоўскай дамагчыся мірнай перадачы ўлады і правесці рэформы. Пра гэта заявіў канадскі міністр замежных справаў Франсуа-Філіп Шампань.

«Падчас сённяшняй дыскусіі мы высвятлялі, як Канада можа дапамагчы ў тэхнічным плане: каб Каардынацыйная рада мела інструменты і экспертаў, неабходных дзеля палітычных і эканамічных рэформаў, каб яна магла пабудаваць натхняльную будучыню для беларускага народу», – паведаміў міністр.

Учора Атава пашырыла санкцыйны спіс беларускіх чыноўнікаў на 31 прозвішча. Цяпер у ім 42 дзяржаўныя службоўцы. Якім будзе наступны крок, Франсуа-Філіп Шампань абмяркуе з кіраўнікамі дзяржаваў Балтыі.

«Канада – адна з краінаў, якая найлепш арыентуецца ў нашай сітуацыі, падтрымлівае нас, займае актыўную і цвёрдую пазіцыю. Мы ў захапленні ад такога падтрымання. Беларуская дыяспара ў Канадзе – адна з самых уплывовых і актыўных. І вельмі добра, што канадскі ўрад слухае нашую дыяспару», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Правесці новыя выбары Менск учора заклікалі міністры замежных справаў Нямеччыны, Францыі ды Польшчы. Кантакты Ціханоўскай з заходнімі лідарамі – моцны інструмент ціску на Аляксандра Лукашэнку, перакананы палітолаг Андрэй Казакевіч.

«Заходнія краіны могуць заблакаваць любыя праграмы па лініі Сусветнага банку, Міжнароднага валютнага фонду і гэтак далей. Гэты комплекс захадаў можа быць вельмі адчувальны, калі будзе ўзгоднены ўсімі заходнімі краінамі і па ўсіх кірунках», – мяркуе палітолаг.

Гэта ўжо дзясятая сустрэча Ціханоўскай з важным заходнім палітыкам за апошнія два тыдні. Раней былі міністр замежных справаў, прэм‘ер і прэзідэнт Славаччыны; кіраўнікі МЗС Аўстрыі, Балгарыі ды Грэцыі; канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі.

«Усе зацікаўленыя ў тым, каб вырашыўся ўнутрыпалітычны крызіс у Беларусі. Гэта немагчыма без уліку меркавання тых людзей, якія галасавалі за Святлану Ціханоўскую. На гэты момант яна самы легітымны з усіх альтэрнатыўных палітыкаў. Гэта чалавек, за якога прагаласавалі мільёны, а хутчэй за ўсё, прагаласавала абсалютная большасць», – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Калі Лукашэнка не сыдзе і не выпусціць палітвязняў, то 25-га кастрычніка мае распачацца агульнанацыянальны страйк – абвесціла ў панядзелак Святлана Ціханоўская.

«Адзіная магчымасць зрабіць так, каб гэты ўльтыматум здзейсніўся, – сапраўды арганізаваць усеагульны страйк, масавы пратэст, а таксама аб’явіць пра вяртанне Ціханоўскай праз мяжу. Тады б гэта быў выбух!» – перакананы філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Магчыма, каб перадухіліць такі выбух, Ціханоўскую Менск і абвесціў у вышук. Як стала вядома сёння, маўляў, за заклікі зрынуць канстытуцыйны лад. Але ці сапраўды яна стала лідаркаю беларускага грамадства?

«Асноўная колькасць грамадства выбрала яе прэзідэнтам. Таму яна – прадстаўнік беларускага народу на гэты момант!»

«Яна гэта і даказвае. Усе тыя сустрэчы, якія адбываліся ў яе з лідарамі іншых краінаў, я лічу, што гэта таксама прызнанне яе як нашага нацыянальнага лідара».

«Катэгарычна не лічу! Так лідарамі не становяцца. Становяцца лідарамі людзі, якія заслужылі, якія маюць заслугі! А яна хто такая?!»

«Абвесцілі яе ў вышук – гэта, канечне, вельмі дрэнна і балюча для ўсіх, хто ўдзельнічае ў пратэстах», – кажуць жыхары Менску.

Абвяшчэнне Ціханоўскай у міжнародны вышук Масква не лічыць палітычным пераследам – заявіў сёння прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Аляксандр Папко, «Белсат»