Тэракт у Кіеве выканалі ўкраінскія патрыёты?


Саламянскі раён Кіева, вуліца Адама Міцкевіча, жылы дом. З рэдакцыі «Эспрэса-ТВ» пасля гарачых дэбатаў выходзяць народны дэпутат Ігар Масійчук з ахоўнікам і палітолагам Віталем Балам. Выбух.

Следства: спрацавала самаробная выбуховая прылада

Эквівалент 1-го кілаграму траціла, начыненая стальнымі шарыкамі. Ад выбуху загарэўся аўтамабіль, гэтымі шарыкамі праз вакно пасекла рэдакцыю тэлеканалу.

Міна накіраванага дзеяння была ўсталяваная наўскасяк адносна ўваходу ў рэдакцыю. Пасля выбуху відавочцы сталі дапамагаць параненым. Ахоўнік дэпутата Масійчука памёр проста на ганку. Яшчэ адзін паранены сканаў у шпіталі.

Забіты ахоўнік дэпутата – 31-гадовы Руслан Кушнір, былы беркутавец, якога паліцыя Кіева прыставіла да Масійчука паводле ягонай просьбы месяц таму. Другі забіты – жыхар гэтага дому, былы працаўнік Юрыдычнага дэпартаменту Міністэрства ўнутраных справаў падпалкоўнік Міхайла Мормел, які пасля звальнення займаўся прыватнай юрыдычнаю практыкаю.

Распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «тэракт»

«Мы выходзілі на вуліцу, і гэтага мапеда, гэтага скутэра яшчэ не было. То бок ён з’явіўся дзесьці за 10 хвілінаў да канца эфіру», – сведчыць шэф-рэдактар «Эспрэса ТВ» Віктар Лешык.

Паранены дэпутат са шпіталю заявіў, што замоўцы злачынства сядзяць у Маскве, а выканаўцы могуць быць сярод украінскіх патрыятычных арганізацыяў. Такога ж меркавання і паплечнікі Масійчука.

У Крамлі гэтую версію тэракту ўжо назвалі беспадстаўнай і русафобскаю

Гэтак, як і раней. Летам у тым жа Саламянскім раёне Кіева ў аўтамабілі ўзарвалі кіраўніка спецназу Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Максіма Шапавала. У сакавіку на бульвары Тараса Шаўчэнкі кілер застрэліў Дзяніса Вараненкава, расейскага дэпутата-перабежчыка, які даў паказанні ўкраінскай пракуратуры пра рыхтаванне расейскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе. Год таму ў Кіеве ў аўтамабілі ўзарвалі журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета.

Што да выбуху ля рэдакцыі тэлеканалу, следства шукае не толькі расейскі след. Магчымы замах на Масійчука з асабістых матываў і ў сувязі з бізнес-дзейнасцю, магчымы і замах на іншую асобу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: slovoidilo.ua