Зрабіць тры глыткі святой вады, назапасіць яе прынамсі на год ды акунуцца ў ледзяную палонку. Такая праграма-максімум праваслаўнага верніка ў Вадохрышча. Гэты дзень, які іначай называецца Богаяўленне, у адрозненні ад некаторых іншых царкоўных святаў, мае фіксаваную дату – 19 студзеня.
У дапамогу цяжка хворым і здаровым, дзеля асвячэння жытла і на пазбаўленне ад няўдачы. Сёння праваслаўныя імкнуцца ў цэрквы па святую ваду.
Вадохрышча, ці Богаз’яўленне. Свята – адное з 12-ці найбольш важных для праваслаўных пасля Вялікадня, сведчыць пра заканчэнне каляднага перыяду. Асаблівая ўвага ў ім надаецца гаючым уласцівасцям вады, якія маюць захавацца цягам года.
Такі сэнс укладаецца ў абрад, падстава якога – апісаныя ў Бібліі падзеі 2000-гадовай даўніны.
З учорашняга вечара і цягам сённяшняга дня некаторыя праваслаўныя вернікі акунаюцца ў палонкі – у памяць хрышчэння Ісуса Хрыстоса ў рацэ Іярдан.
Айчынныя ратавальнікі нагадваюць, што акунацца бяспечна пад іхным наглядам і ў прысутнасці лекараў. Такія ўмовы сёлета былі запэўненыя ў сталіцы і ваколіцах на сямі вадасховішчах.
Лола Бурыева, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum