«Суцэльная казарма». Паступіць у ВНУ стане больш складана

Колькі краіне трэба настаўнікаў, журналістаў, інжынераў, ды любых іншых адмыслоўцаў, што патрабуюць вышэйшае адукацыі – вырашаць будуць чыноўнікі з міністэрства працы, ды мінэканомікі. У інтэрвʼю тэлеканалу «Беларусь-1» Віцэ-прэмʼер Васіль Жарко адзначыў, што ўжо сёлета на 7 % зменшылася колькасць студэнтаў у айчынных ВНУ.

Гэтую тэндэнцыю плануюць прыспешыць

Жарко падкрэсліў, што вышэйшая адукацыя мусіць быць даступная для падрыхтаванай асобы, а набор у прафесійна-тэхнічныя вучэльні і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі маюць расці.

«Узровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі акурат забяспечвае гэткі выканаўчы ўзровень – узровень сумленнага выканання тых, ці іншых узроўняў дзейнасці. Параўноўваць гэта нельга. Такое пераключэнне з вышэйшай на сярэднюю спецыяльную адукацыю мусіць быць чымсьці абгрунтаваная. Я пакуль такога не бачу», – мяркуе Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук.

З тым, што рынак працы і эканоміка дзяржавы мусяць мець уплыў на навучальныя паслугі адмыслоўца збольшага пагаджаецца. Іншая справа, наколькі моцны ўплыў і якія задачы будзе ставіць перад сабою такая адукацыя?

«Яно павінна быць арыентаваным на сапраўды адукаваных людзей, якія ў будучыні могуць пачаць здзяйсняць перамены і рэформы ў гэтай краіне. Нажаль урад наагул такіх задачаў не ставіць і ў межах планавай эканомікі намагаецца ўпіхнуць у межах планавай эканомікі вось гэтую вышэйшую адукацыю», – дадае спадарыня Мацкевіч.

План па жніву, план па вытворчасці трактароў і дыпломы паводле плану

Паводле кандыдата фізіка-матэматычных навук і палітыка, які ў свой час быў дацэнтам у Гарадзенскім універсітэце імя Янка Купалы, Аляксандра Мілінкевіча беларуская вышэйшая адукацыя мае процьму іншых праблемаў, апрача завялікай колькасці студэнтаў

«Запытаем выкладчыка з універсітэту нават – яму, каб паехаць на нейкую канферэнцыю чамусьці трэба пытацца дазволу на самых высокіх узроўнях – ці магу я паехаць справаздачу зрабіць? Няма стажыровак – мы нібыта прыступіў да балонскага працэсу, а насамрэч нічога не зрабілі – няма дэмакратыі ў ВНУ. Там проста суцэльная казарма«, – абураецца Мілінкевіч.

І пакуль гэта ня зменіцца, ніякія міністэрскія планы сітуацыю з вышэйшай адукацыяй ня выправяць.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама