Свой паход у аддзяленне міліцыі Галіна Лагацкая запомніць надоўга. Там у адносінах да яе намеснік кіраўніка аддзялення – палкоўнік Мікалай Руцкі і ягоны падначалены Міхалёнак не толькі ўжылі фізічную сілу, але пры гэтым яшчэ і брудна лаяліся.
«Заўсёды не падабалася, што іх мянтамі клічуць, заступалася, як жа без іх цяжкай службы. Але зараз кардынальна змяніла думку пасля гэтага інцыдэнту, згубіла веру», – кажа Галіна.
Лагацкая пісала скаргі на дзеянні міліцыянтаў у Следчы камітэт і пракуратуру. Першая спроба плёну не дала, але за другім разам правяранне выявіла факты грубых і нетактоўных паводзінаў з боку прапаршчыка Міхалёнка. Менавіта дыктафонны запіс стаўся падставаю для такога рашэння:
Пры гэтым заключэнне судова-медычнай экспертызы аб гематомах так і засталося без увагі правяральнікаў. А Міхалёнак аддзелаўся тым, што яго проста пазбавілі прэміі.
Былы працаўнік міліцыі Дзмітрый Коўш, які цяпер жыве ў Польшчы і экстрадыцыі якога дамагаюцца ўлады Беларусі, кажа, што такое пакаранне лічыцца ў органах самым лагодным.
«Усе правяранні ва ўнутраных органах носяць фармальны характар, адна структура будзе заўсёды пакрываць іншую. Гэта дзяржава – адзіны механізм», – тлумачыць Дзмітрый.
Чаго чакаць ад шараговых працаўнікоў у пагонах, калі непрыстойна паводзяць сябе нават вялікія начальнікі? Былы міністр МУС Уладзімір Навумаў вядомы сваёй нецэнзурнай лаянкай. Выпадкі, калі міліцэйскае начальства пачынае брыдкасловіць – частыя. Як прыклад – вядомы мацяршчыннік, былы начальнік менскай міліцыі Ігар Яўсееў.
Колькасць ролікаў на «Youtub’е», дзе людзі ў пагонах збіваюць няўзброеных беларусаў дзясяткі ды сотні, а колькасць прыкладаў, калі яны адказваюць за свае жорсткія і неправамоцныя дзеянні, – адзінкі.
На акцыях апазіцыі ў міліцыянтаў увогуле развязаныя рукі. Калі масавыя мерапрыемствы з палітычным кантэкстам то фізічны гвалт спісваюць пазней на правамернасць прымянення сілы. Яны ведаюць што ў практыцы суда такіх не прыцягваць да адказнасці, некаторыя нават дзеля ўцехі гэта робіць, некаторыя бо быў загад
Афіцыйная статыстыка кажа пра 65-ці адсоткавы ўзровень даверу органам унутраных справаў. Але лагодныя пакаранні правапарушальнікам у пагонах, як у справе Галіны Лагацкай, напэўна будуць дадаткова псаваць і гэтую невысокую лічбу.
Установа вырашыла спыніць адміністратыўную справу ў дачыненні да старшага прапаршчыка Міхалёнка паводле артыкулу «Дробнае хуліганства». Калегі аматара пацягаць жанчыну за валасы палічылі, што ў таго не было намеру на парушэнне грамадскага парадку.
Ігар Кулей, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum