Сельская гаспадарка: прыгожыя лічбы і страшная рэальнасць


Новыя звесткі Белстату выклікаюць шэраг пытанняў. Адное з іх, якім коштам растуць прыбыткі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, іншае – ці станоўчую статыстыку дзяржавы беларусы адчулі ў сваіх гаманцах?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, чысты прыбытак сельгасарганізацыяў Беларусі ў 2017 годзе склаў каля Br 740 млн, што амаль у 2,5 больш за аналагічны паказнік 2016-га. Здавалася б, небывалы поспех для айчыннага аграрна-прамысловага комплексу.

«Лічу, што гэта немагчыма, лічу, што гэткая лічба цалкам не адпавядае рэчаіснасці. Прынамсі таму, што ў канцы мінулага году міністр сельскай гаспадаркі Заяц агучыў плануемы рост аб’ёмаў вытворчасці ў сельскай гаспадарцы. І ён сказаў, што гэты рост складзе не болей за тры адсоткі. Як можна за кошт 3 % адразу падняць у разы прыбытковасць сельскагаспадарчага сектару – незразумела», – мяркуе галоўная рэдактарка «agrolive.by» Іна Гармель.

За прывабнай статыстыкай хаваецца абсалютна іншая рэчаіснасць

Асабліва, калі ўлічыць розныя фактары ацэнкі эканамічнай дзейнасці беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

«Большасць прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі карыстаецца крэдытамі альбо датацыямі з бюджэту. Таму іх фінансавае становішча можа здавацца добрым. Але там 30 % – бесперспектыўныя стратныя прадпрыемствы. А браць калі ў сукупнасці ўсе нормы прыбытку – абсалютная, адносная, субсідыі, то тады мы пераканаемся, што сельская гаспадарка знаходзіцца ў крызісным стане», – даводзіць эканаміст Леанід Заіка.

Крызіс відавочны

На сённяшні момант больш за 13 % усіх беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў стратныя. А на 1-га студзеня 2018 года агульная запазычанасць такіх арганізацыяў склала больш за $ 6 млрд. Па мерках беларускага бюджэту, лічбы проста астранамічныя. Стаіць пытанне аб тым, ці магчыма ўвогуле пазбавіцца ад такой запазычанасці?

«Пры гэтай палітычнай сістэме гэта можа быць толькі адзін вынік. Гэта можа быць зроблена толькі адным шляхам – спісаннем. Звычайным механічным спісаннем запазычанасці. Аднак Лукашэнка казаў, што не будзе больш спісваць запазычанасцяў. Тут усё можа разруліцца толькі пасля змены палітычна-эканамічнай сістэмы», – упэўненая спадарыня Гармель.

Афіцыйная статыстыка – спрэчная

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: кошты прадукцыі для насельніцтва вялікія, а прадпрыемствы тым часам захрасаюць у гіганцкіх запазычанасцях. Дзе ж логіка? І галоўнае, што з гэтым усім рабіць?

«Што датычыцца беларускіх аграрыяў, то яны ўвогуле атрымліваюць 15 % нашага сукупнага бюджэта штогод. З іх грошы патрабаваць сэнсу асаблівага няма. З іх увогуле патрабаваць нічога не трэба. Трэба даць спакойна трэці гаспадарак памерці, разарыцца. Недзе 15-20 % будуць працаваць нармальна. З астатнімі трэбна займацца рэструктурызацыяй і стварэннем нармальных адносінаў на сяле», – кажа Заіка.

Эксперты прапаноўваюць розныя рэцэпты паляпшэння сітуацыі ў беларускай гаспадарцы, аднак галоўнае пытанне ў жаданні і волі кіраўніцтва краіны праводзіць нейкія змены. І пытанне гэта рытарычнае.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum