Саакашвілі могуць пасадзіць за прарыў польска-ўкраінскай мяжы


Момант, якога гэтак чакалі паплечнікі Саакашвілі. І якога з усіх сілаў намагаліся пазбегнуць украінскія ўлады.

З песнямі і ў натоўпе прыхільнікаў

Экс-прэзідэнт Грузіі выканаў абяцанае і вярнуўся ва Украіну, грамадзянства якой яшчэ ў ліпені яго пазбавіў Пятро Парашэнка.

«Сёння ўдзячны не толькі актывістам, нашым дэпутатам, нашым лідарам і палітыкам, якія тут сабраліся. Але вельмі ўдзячны і паліцыянтам, якія не выканалі злачынны загад. Яны не пайшлі супраць людзей», – зазначыў Міхэіл Саакашвілі.

Выглядала сапраўды небяспечна

Калі сотні людзей разам з Саакашвілі прарывалі кардон, падавалася, што можа здарыцца горшае. Згодна з інфармацыяй МУС Украіны, у выніку сутыкнення пацярпелі 11 паліцыянтаў і пяцёра памежнікаў.

«Журналісты пытаюцца: чаму памежнікі не выкарыстоўвалі зброі? Адказваю: памежнікі атрымалі загад не выкарыстоўваць зброі ды сродкаў фізічнага ўздзеяння, бо адбывалася «мірная акцыя», – патлумачыў Алег Слабадзян, спікер дзяржаўнай мытнай службы Украіны.

Міністр прапанаваў Саакашвілі вярнуцца

Тым не менш, паводле кіраўніка МУС Арсэна Авакава, па факце прарыву распачалі крымінальную справу згодна з артыкулам «Незаконная перапраўка асобаў праз дзяржаўную мяжу». Максімальнае пакаранне – 7 гадоў пазбаўлення волі.

Міністр прапанаваў Саакашвілі вярнуцца на мяжу і аформіць свой прыезд ці прыбыць у аддзел Міграцыйнай службы.

«Мы рабілі ўсё згодна з адпаведнымі законнымі працэдурамі. А яны наадварот рабілі ўсё, каб іх парушыць. Хто тут мае рацыю і на чыім баку закон?», – даводзіць сваю праўду Саакашвілі.

Прэзідэнт Украіны перакананы, што мае рацыю

Пятро Парашэнка загадаў ацаніць учынак Саакашвілі не ў палітычнай плоскасці, а ў прававым полі. Меркаванні ж каментатараў адносна інцыдэнту падзяліліся.

«Прарыў дзяржаўнае мяжы – гэта звычайнае злачынства, а не тэма для дыскусіі», – выказаўся палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў.

«Мяжу прарывалі не расейскія акупанты, не тэрарысты, а свае, украінцы, абураныя тым, што інстытуты іхнай дзяржавы прагібаюць пад чыесьці інтарэсы», – мяркуе журналіст Айдэр Муждабаеў.

Канфлікт ужо даўно выйшаў за межы краіны

Польскі еўрадэпутат Яцэк Сарʼюш-Вольскі назваў дзеянні ўкраінскіх уладаў нецывілізаванымі і паабяцаў падняць гэтае пытанне на наступным паседжанні Еўрапарламенту.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum