Рэпартаж з Рагачова: невялікі горад рыхтуецца да пратэсту


Высілкі сілавікоў і дзяржаўных ідэолагаў, падобна, прыносяць адваротны эфект: жыхары як вялікіх, так і малых гарадоў рыхтуюцца да пратэстаў. У Рагачове, што на Гомельшчыне, марш недармаедаў мае адбыцца ў нядзелю, але рагачоўцы ўжо сёння дакладна ведаюць, чаго будуць дамагацца падчас акцыі.

Горад як з паштоўкі – прыгожыя свежапафарбаваныя дамы, добраўпарадкаваная плошча з новенькімі лаўкамі і дэкаратыўнымі клумбамі ды… радасныя дзеткі. Але пабегаць дзятва можа толькі ў цэнтры гораду – ля райвыканкаму, бо побач з іхнаю школаю – іншая рэчаіснасць. У адрознай ад чыноўніцкай рэчаіснасці жыве дарослае насельніцтва Рагачова.

«У каго ў нас у горадзе кругласуткава гараць ліхтары на вуліцы? У каго? Не выключаюць толькі ў аднаго чалавека гарыць – у мэра гораду. У яго свет у двары гарыць кругласуткава», – абураецца жыхар Рагачова.

Працы няма!

Ёсць і яшчэ адно, бадай, самае галоўнае, што розніць чыноўнікаў ад шараговых гараджанаў. Для апошніх у горадзе няма працоўных месцаў. Мясцовыя наракаюць на адсутнасць працоўных месцаў.

Сітуацыя катастрафічная і раён можа выбухнуць

Падатакстаў апошняй кропляй, што перапоўніла чашу цярпення рагачоўцаў.

«Тут кожны другі не працуе або працуе або працуе не поўны працоўны дзень, атрымліваюць па 70-80, нехта па 150 рублёў. Сітуацыя катастрафічная і раён можа выбухнуць, сацыяльны выбух можа адбыцца ў любы момант», – распавядае грамадскі актывіст Дзяніс Дашкевіч.

Адбыцца ён можа ўжо ў гэтую нядзелю. На 12-га сакавіка ў Рагачове запланаваная акцыя пратэсту супраць скандальнага дэкрэту № 3.

«Я супраць гэтага і збіраюся пайсці разам з усімі», «Не баюся! Схаджу з мужам», «Трэба выходзіць і казаць пра набалелае, трэба ўсё выказваць. Не маўчаць», – як адзін кажуць Рагачоўцы.

Людзі ведаюць, і што хочуць сказаць, і чаго дасягнуць сваім пратэстам

«У людзей канкрэтныя патрабаванні: даць працу і спыніць збор абсурдных падаткаў, якія яшчэ могуць быць патрабаванні. Але я не выключаю, што патрабаванні могуць перарасці ў палітычную плоскасць аж да адстаўкі прэзідэнта», – тлумачыць спадар Дашкевіч.

Праблема перадусім у асобе Лукашэнкі, што ўжо 22 гады кіруе краінаю, жыхары бачаць вінаватага ў крызісе ў краіне.

«Лукашэнка зрабіў, што арганізацыі зачыняюцца, прадпрыемства зачыняюцца. Дзе людзям працаваць»?», «Лукашэнка казаў: «Дайце мне ўладу – усё будзе добра». Добра зараз»?, – абураюцца тутэйшыя жыхары.

«Беларуская вясна» абяцае стаць гарачай

Кожныя выходныя ў розных гарадах нашай краіны будуць адбывацца пратэставыя акцыі. Падчас папярэдніх галоўным патрабаваннем стала «Лукашэнка сыходзь».

Вольга Старасціна, «Белсат»