Прызыўнікі пра дзедаўшчыну: ад «яе няма» да «трэба паспрабаваць»


Ісці ў войска ці шукаць спосаб пазбегнуць прызыву? Што будзе за брамай вайсковай часткі – навучаць Радзіму абараняць ці мыць шкарпэткі «дзядам»? Такое пытанне задаваў сабе кожны поўнагадовы беларус, атрымаўшы позву ў ваенкамат.

Пра смерць Аляксандра Коржыча ведае большасць беларусаў

Жаўнера вучэбнага цэнтру ў Печах знайшлі павешаным, са звязанымі нагамі і майкаю на галаве. Мінабароны і Следчы камітэт казалі толькі пра версію суіцыду. Але ў выніку журналісцкіх расследаванняў і грамадскага рэзанансу справу замяць не выйшла, цяпер у Печах ідзе расследаванне фактаў дзедаўшчыны і пабораў, арыштаваныя некалькі жаўнераў, сяржантаў і афіцэраў. Адкрыліся і іншыя выпадкі падазроных смерцяў і суіцыдаў як пад Барысавам, гэтак і ў іншых вайсковых частках. Праўда, поўную інфармацыю атрымалі не ўсе прызыўнікі.

«Калі гэта дзесьці ёсць, служылі і служаць, значыць, так і трэба».

«Як мне сказалі знаёмыя, гэты выпадак у Печах хутчэй выключэнне, чым правіла».

«Сам дзедаўшчынай калісьці стану. Баяцца няма чаго. Трэба ўсё паспрабаваць».

– выказваюцца сёлетнія прызыўнікі.

У войска, дзе могуць скалечыць ці забіць, хочуць не ўсе

За пераход на кантрактавае войска выступае і гомельскі грамадскі актывіст Васіль Палякоў. У сумна вядомай «вучэбцы» ў Печах служыць ягоны сын.

«Тое, што цяпер адбываецца мусіць паўплываць на стан войска. Будуць больш жорстка адсочваць усё, звязанае з нестатутнымі адносінамі. Ёсць спадзяванне, што сітуацыя палепшыцца», – з надзеяй зазначыў актывіст.

Маніторынг сітуацыі ў войску распачалі праваабаронцы

Грамадскае аб’яднанне «Прававая ініцыятыва» прапаноўвае былым і дзейным жаўнерам запаўняць анкеты пра канкрэтныя выпадкі дзедаўшчыны – збіццё, вымаганне грошай, псіхалагічны ціск і здзекі. Каб пачалося правяранне, у анкеце мусяць быць асабістыя звесткі жаўнера і нумар часткі. Але значная доля анкетаў прыходзіць ананімная, бо людзі баяцца.

Спасылкі на анкету ўжо блакуюць у сацыяльных сетках. Раней Міністэрства абароны называла расследаванні фактаў дзедаўшчыны «антыармейскаю кампаніяй» і спрабавала заблакаваць збор подпісаў за адстаўку міністра Андрэя Раўкова і рэформу ўзброеных сілаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum