Продажы нарасцілі на траціну, заробкі паднялі на 13 %, але, па выніках году, папрасілі ў бюджэту чарговыя $ 200 млн. Гэтак спрацаваў сёлета Менскі аўтамабільны завод.
Хоць стратных прадпрыемстваў сёлета стала на 7 % менш, чым летась, сума згубленых імі грошай павялічылася ў 2017-га на 17 % – $ 1 млрд.
Пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, то бок, грошай, не выплачаных своечасова за пастаўлены тавар, пабольшала сёлета на 10 %. Кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долмэн, які наведваў сёлета Беларусь, канстатаваў: праблема – у неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемствах, якія, нягледзячы на павялічаны замежны попыт, няздольныя гандляваць з прыбыткам.
За апошнія 10 гадоў доля дзяржаўнага сектару ў эканоміцы зменшылася з 70 % да 50 %. Але гэтае адміранне адбываецца вельмі павольна. На больш кардынальныя рэформы дзяржсектару, прапанаваныя Міжнародным валютным фондам, урад сёлета не пагадзіўся нават узамен на прапанову стабілізацыйнага крэдыту.
Колькасць будаўнічых арганізацыяў сёлета зменшылася на 10 %. А звольнілі ў Беларусі ў 2017-м на 40 тысячаў чалавек больш, чым узялі на працу.
Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum