Аб'ектыў 08.09.2018 Прэм’ера «Хай так ТВ» на «Белсаце»


Колішні вядоўца «Размовы дня» Усевалад Сцебурака вырашыў заняцца гумарам і сатыраю.

Жывая музыка, смешныя апытанні, вострае абмеркаванне і запрашэнне вядомых гасцей – гэта ўсё і ёсць сутнасць новай перадачы.

«Мы хацелі б чалавека па-добраму недзе патроліць, дазволіць яму адказаць на нейкія пытанні, пабыць у нейкай сітуацыі, у якой ён не быў», – зазначае Усевалад Сцебурака.

Вядоўца абяцае, у перадачы не будзе злоснага гумару, але спуску не будзе ані ўладзе, ані апазіцыі. Першым госцем стаўся былы дэпутат Вярхоўнага Савету, экс-кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

«На адзін з выбарчых участкаў, дзе праводзілася агітацыя, дзе стаяла мая каманда, пасля таго, як я сышоў, прыбег чалавек з вялікай сякера, і казаў: я хачу гэтага нацыяналіста засекчы. Негадзяй. Гэты чалавек вядомы юрыст. Нейкі вар’ят. Стаў праваабаронцам», – прыгадваў падчас запісу Трусаў.

Смех, як вядома, падоўжвае жыццё. Але доўгажыхарствам нашая краіна пахваліцца, на жаль, не можа. Зрэшты, і смеху ў беларускай публічнай прасторы зусім няшмат, не кажучы ўжо пра палітычную сатыру.

А тым часам наш тэлеканал можа пахваліцца яшчэ адною перадачай гумарыстычнага ўхілу. Відэаблогер NЕХТА напярэдадні ў жывым эфіры даў старт сваёй праграме.

Дадаткова на «Белсаце» ўжо выходзяць гумарыстычныя перадачы, такія, як «Жэстачайшы ілюзіён«, якія выдаюць Юры Хашчавацкі з калегамі. Памятаюць нашыя гледачы і «Бульбаноў» аўтарства Алега Мініча, які стаў вядомым дзякуючы вось такім мультфільмам яшчэ ў 2004 годзе.

Неўзабаве мастак мусіў уцякаць ад галоўнага аб’екта сваёй сатыры.

«Наколькі мне вядома, найбліжэйшы памочнік Шэйман паказаў яму гэтыя мультфільмы, і, вядома, гэта прывяло да шаленства», – узгадвае Алег Мініч.

Але ніякі пераслед не можа спыніць пазітыўных эмоцыяў. А таму ўключайце «Белсат» і чакайце новых выданняў ад нашых калегаў.

Вітаўт Сіўчык

Глядзі таксама
Каментары