Аб'ектыў 28.02.2018 Прарыў менскай «Мянчанкі»: валейбалісткі ўвайшлі ў гісторыю


Валейбол

Следам за сумным, збольшага, студзенем 2018-га ў беларускім спорце прыйшла вялікая лютаўская адліга. У шэрагу нашых гучных перамогаў ужо без Алімпіяды і поспех валейбольнай каманды «Мянчанка», якая адным махам усталявала адразу два новыя дасягненні: упершыню ў гісторыі жаночага валейболу Беларусі выйшла не толькі ў чвэрцьфінал, але і ў паўфінал еўратурніру, у гэтым выпадку Кубка Еўрапейскай канфедэрацыі валейболу, бліскуча перагуляўшы знакамітую «Уралачку» з Екацярынбургу, генеральным спонсарам якой цэлы Ніжнетагільскі металургічны камбінат.

Хакей

Менскаму хакейнаму «Дынама» хоць і не ўдалося пацешыць заўзятараў такім рэдкім выхадам у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, але развіталіся «зубры» са сваймі прыхільнікамі нядрэнна, атрымаўшы выніковую перамогу над рыжскімі аднаклубнікамі 5:3.

Футбол

Зноў даводзіцца спачуваць заўзятарам мадрыдскага «Рэалу», які вярнуўся да паразаў у нацыянальным чэмпіянаце.

На старце 26-га туру сенсацыю паднёс каталонскі «Эспаннёл», які перагуляў пакуль дзейнага чэмпіёна краіны з лікам 1:0. Дзеля справядлівасці трэба ўказаць на эксперыментальны склад гасцей. Зінэдын Зідан даў адпачыць адразу сямі асноўным футбалістам, зрабіўшы ўціск на прагляд найбліжэйшага рэзерву. Але ў першым тайме «Рэал» зарганізаваў толькі адзін момант з ударам галавою Гарэта Бэйла з некалькіх метраў. А «папугаі» актыўней правялі другую палову і былі ўзнагароджаныя голам на 93-яй хвіліне. «Рэал» усцяж саступае другому ў табліцы «Атлетыка» 7 пунктаў.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: vcminsk.com

Глядзі таксама
Каментары