Аб'ектыў 23.01.2018 «Першы нацыяналіст Беларусі» і стваральнік легенды пра Каліноўскага – хто ён?


Таямнічыя «Лабірынты» ды грунтоўны «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» ды «Кароткая гісторыя Беларусі», падручнікі, хрэстаматыі, публіцыстыка – Вацлаў Ластоўскі пакінуў унікальную навуковую і літаратурную спадчыну, кожная з яго манаграфіяў вартая працы цэлага інстытуту.

«Фактычна ён быў адным з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху – я называю яго першым нацыяналістам у такім сэнсе. Дастаткова ўзгадаць, што гэта Вацлаў Ластоўскі прыўнёс у сучасную беларускую традыцыю легенду ці вобраз Кастуся Каліноўскага», – падкрэслівае гісторык Андрэй Чарнякевіч.

Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі 8-га лістапада 1883 года ў засценку Калеснікаў на цяперашняй Глыбоччыне. Шляхам самаадукацыі ён здабыў бліскучыя веды ў гуманітарных навуках, з 1906-га жыў у Вільні. Ластоўскі быў адным з тых, хто стаяў каля вытокаў абвешчанай 25-га сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі, а са снежня 1919-га да красавіка 1923-га ўзначальваў яе Раду міністраў.

«Ён тая асоба што вывела беларускае пытанне на міжнародную арэну, менавіта з ягоным урадам звязаная дзейнасць беларускай антыпольскай партызанкі», – дадае гісторык.

«Абудзіцца ад рускага сну»

Менавіта да гэтага заклікаў Ластоўскі ў сваёй публіцыстыцы. Рэпрэсіі супраць палітыка і навукоўцы пачаліся пры канцы 1929 года. Некалькі разоў яго арыштоўвалі, трымалі ў турмах Масквы і Менску і ўрэшце выслалі на 5 гадоў у Саратаў.

«Ён быў арыштаваны другі раз ужо ў высылцы ў Саратаве і літаральна ў той жа дзень, калі атрымаў прысуд, хутчэй за ўсё быў расстраляны», – мяркуе спадар Чарнякевіч.

Расстралялі Вацлава Ластоўскага як «агента польскай выведкі ды ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Рэабілітавалі ў 1958 і 1988 гадах, а ў 1990-ым аднавілі ў званні акадэміка Акадэміі навук Беларусі. Але для сапраўднага вяртання імя шматграннага дзеяча сучасная дзяржава фактычна не зрабіла нічога.

У 2012 годзе ў Глыбокім усталявалі бюст, а пазалетась у Курапатах адкрылі памятны крыж Вацлаву Ластоўскаму. Але ні ў адным беларускім горадзе не знайшлося вуліцы, каб назваць яе іменем выбітнага беларуса, які спрычыніўся да нашае незалежнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат». фота: jivebelarus.net

Глядзі таксама
Каментары