Пчолы супраць мёду або «Regnum.ru» супраць МЗС РФ

[vc_row][vc_column][vc_column_text]Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Рэгнум» незадаволенае з ацэнкі Міністэрства замежных справаў Расеі адносна яго аўтараў, якіх утрымліваюць у беларускім следчым ізалятары.

Больш за тое, «Рэгнум» заявіла, што мае намер звярнуцца ў суд, агенцтва вінаваціць афіцыйную прадстаўніцу МЗС Расеі Марыю Захараву ў паклёпе ды нанясенні шкоды рэпутацыі. Падставаю для скандала сталіся гэтыя словы.

«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаванне брацкіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі – шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і зʼяўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як «недадзяржава», «неданарод» не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсць дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанне радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнай і брацкай дружбы», – заявіла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Захарава ўжо адрэагавала на судовыя планы «Рэгнума», назвала іх спробаю цынічнага самапіяру. Шэф-рэдактар рэсурсу – былы працаўнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі – Юрый Баранчык, які жыве ў Маскве. Менавіта ён замаўляў і рэдагаваў антыбеларускія правакацыйныя артыкулы, апублікаваныя на «Рэгнуме». Сярод іншага, у адным з артыкулаў Беларусь назвалі недадзяржаваю. Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў кажа, што «Рэгнум» пераацаніў сваю ролю ў інфармацыйнай палітыцы Крамля.

«Крэмль ніколі не хвалявалі пытанні правоў чалавека дзе-небудзь, тым больш у Беларусі. Калі нават з нейкімі парушэннямі беларускія ўлады арыштоўваюць расейскіх публіцыстаў, то чаму гэта павінна хваляваць Крэмль, калі беларускія ўлады сотнямі-тысячамі арыштоўвалі іншых беларускіх грамадзянаў, якія больш празаходнія. У гэтым сэнсе Крэмль расставіў свае прыярытэты і чарговы раз паставіў на беларуску ўладу», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Супрацьлеглае меркаванне, адносна справы «Рэгнума» выказвае каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. Усіх трох аўтараў, і Паўлаўца, і Алімкіна, і Шэптэнку ён называе актыўнымі байцамі гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць Беларусі.

«Прызнаць, што гэтыя людзі зʼяўляюцца часткаю плана па дэстабілізацыі сістэмы ўлады ў Беларусі, яны гэта не могуць, таму яны робяць выгляд, што гэтыя людзі не пры чым, а ўявіце сабе, што калі такіх людзей чалавек 20, але яны праходзяць па іншых абвінавачаннях», – разважае каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

Больш таго, паводле Бандарэнкі, Лукашэнка адчуў небяспеку з боку Масквы менавіта цяпер, а таму не толькі зрабіў кадравыя перастаноўкі, у тым ліку і ў сілавых структурах, але і не паехаў на саміт ЕАЭС у Санкт-Пецярбург.

«Ён правёў нараду разам з сілавікамі па пытанні бяспекі менавіта на гэты час. Фактычна гэтыя дзеянні паказваюць, што Лукашэнка ці раскрыў дзяржаўную змову, ці проста ведае, што Расея распачала супраць яго дзеянні», – мяркуе Зміцер Бандарэнка.

Што ж да аўтараў «Рэгнум», іх затрымалі на пачатку месяца. Справы ўсіх траіх абʼядналі ў адну. Ім інкрымінуюць дзеянне ў складзе групы ды вінавацяць у распальванні нацыянальнай варожасці. Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Апроч антыбеларускіх артыкулаў, Рэнгум адкрыта падтрымлівае вайсковую агрэсію Расеі ва Украіне.

АН, Белсат

Глядзі таксама