МЗС Расеі пра журналістаў-беларусафобаў: іх выказванні ў дачыненні да Беларусі недапушчальныя

video

Марыя Захарава

Афіцыйная прадстаўніца знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава пракаментавала затрыманне трох аўтараў « Regnum» Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі. На брыфінгу 27 снежня яна заявіла пра недапушчальнасць абразлівых выказванняў у адрас Беларусі і Беларусаў.

«Я хацела б сказаць, што мы падзяляем тое, што сказаў амбасадар, што ўжыванне такіх слоў, як «неданарод» або «недадзяржава» ў дачыненні да Беларусі і беларусаў – гэта недапушчальна. Вы гаворыце пра тое, што яны папярэджвалі Беларусь ад руху ў бок Захаду і «заляцання» з нацыяналізмам. Гэта была ваша цытата, і я не магу гэта каментаваць. Хачу сказаць, што «неданарод» і «недадзяржава» з вуснаў людзей, якія ўплываюць на грамадскую думку – гэта проста непрыстойныя рэчы, таму што яны могуць спрыяць распальванню міжнацыянальнай праблемы і ксенафобіі. Такія выразы не спрыяюць стварэнню пазітыўнай атмасферы ў беларускіх дачыненнях…», – сказала Захарава.

Разам з тым яна адзначыла, што ў Расеі сочаць за сітуацыяй з затрыманнем згаданых асобаў і знаходзяцца ў пастаянным кантакце з беларускімі калегамі.

«Мы заяўляем пра поўную адданасць і неабходнасць абароны як свабоды слова, так і журналістаў. Думаю, што ў незахаванні гэтых нормаў і няўвазе да лёсу журналістаў нас западозрыць вельмі складана, таму і лёс гэтых журналістаў, якія супрацоўнічалі і супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ, улічваючы вашы настойлівыя просьбы і запыты, якія мы атрымліваем, знаходзяцца ў сферы нашай пільнай увагі», – адзначыла яна.

20 снежня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў выказаў падобную думку, заявіўшы, што лічыць разбіральніцтва з прарасейскімі журналістамі справай Беларусі.

«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаванне брацкіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. А вось шмат што ёсць на ўбіванне кліноў. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі – шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і зʼяўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як «недадзяржава«, «неданарод« не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсць дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанне радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнай і брацкай дружбы».

Супраць трох аўтараў-адэптаў рускага свету ў Беларусі заведзеная крымінальная справа за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары