Аб'ектыў 17.01.2018 Ніхто не купляе «Geely». Чаму так?


У Беларусі рэзка вырас рынак новых аўтамабіляў – на 27 $ за мінулы год. Але айчынны вытворца – беларуска-кітайскі «Geely» забуксаваў на старце. Красовер «ATLAS», рэкламаваны на вышэйшым дзяржаўным узроўні, пачаў прадавацца ў снежні і паказаў слабую статыстыку – толькі 184 прададзеных аўтамабілі. Такія лічбы не адпавядаюць заяўленым амбітным планам заводу «Белджы» – 25 тысячаў машынаў на год на сёлета.

Чаму беларусы не спяшаюцца купляць?

Бо кошт – еўрапейскі, а брэнд кітайскі.

«Geely ATLAS», сабраны пад Жодзіна, мае пражэрлівы рухавік і пытанні з сэрвіснай сеткай у Беларусі, а каштуе $ 18-22 тыс. у залежнасці ад камплектацыі. За тыя ж грошы можна купіць еўрапейскі ці карэйскі аналаг. Таму зразумела, што не было чэргаў на папярэдні продаж, ды ўвогуле ажыятажу. Вялікія выдаткі на энергетыку і на аплату працы не дазваляюць беларусам канкураваць з замежнымі вытворцамі, нават з вялізнымі мытамі на ўвоз.

«Зашмат дэталяў і камплектуючых прывозяцца з-за мяжы. Па-другое, у Беларусі дастаткова дарагі цыкл падрыхтоўкі да вытворчасці, нават пры наяўнасці розных ільготаў і прэферэнцыяў, якія даюцца дзяржавай», – тлумачыць правал эканаміст Леанід Фрыдкін.

Кошт «Geely» крытыкуюць і звычайныя грамадзяне, і чыноўнікі

«Фігуральна кажучы, воз пастаўлены наперад каня. Спачатку варта было б устанавіць дасяжны кошт на беларускія аўтамабілі, забяспечыць вал продажаў і раскрутку брэнду. А потым разглядаць падвышэнне кошту і думаць аб стымуляванні попыту праз крэдыты і растэрміноўкі»,– упэўнены дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віталій Місявец.

Ці выйдзе прадаць беларускі «Geely» у Расею – таксама вялікае пытанне. Там ёсць і свае заводы «Geely», і праграма ўтылізацыі.

А пра выхад на рынак Еўразвязу з такімі коштамі няма чаго і марыць. Украінцам жа танней набыць такі самы «Атлас», сабраны ў Кітаі, чымся купіць у Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары