На фоне масавага атручвання настойкаю глогу ў расейскім Іркуцку, у выніку якога памерлі ўжо 62 чалавекі, Міністэрства здароўя нашае краіны абмежавала продаж лекавых спіртовых настоек.
«Нас праінфармавалі пад роспіс пра тое, што адпускная норма – яна была і раней: два флакончыкі на рукі мы адпускалі – а зараз, ад сённяшняга дня адпускаем па адным флаконе настойкі глогу (баярышніка), валярʼяну, сардэчнік, календулу і мурашкавы спірт», – сведчыць аптэкарка Вольга Болцікава.
Таксама сярод магчымых захадаў абмяркоўваецца змяншэнне ўдвая абʼёму флакончыка, а таксама продаж настоек толькі паводле рэцэптаў.
БЕЛСАТ: «Зараз календулу будуць адпускаць у рукі адну бутэльку».
Пакупнік: «Ну, у мяне ж дзве рукі!» (смяецца).
Зрэшты, ёсць і абураныя.
«Дайце глог… Вы разумееце, што адбываецца? Мне бабулі трэба дзве бутэлечкі. Я мушу тройчы адстаяць чаргу, каб купіць па бутэлечцы глогу. Я падобны на алкаголіка? Гэта маразм, чарговы маразм!», – скардзіцца наведнік аптэкі.
Дагэтуль найчасцей аматараў лекавых настоек на спірце ў аптэцы можна было сустрэць у начны час, калі звычайныя крамы ўжо не працуюць. Цяпер гэткі продаж таксама адмянілі: тым, каму не спіцца, аптэкары прапаноўваюць замену – у сумесях, пігулках ды ампулах.
Асноўная шкода ад лекавых настоек на спірце – у іх празмерным спажыванні.
«І атручванні могуць быць, калі ў вялікіх порцыях прымаецца. Бо паводле правілаў – 20 кропляў на прыём заўжды», – інструктуе спадарыня Болцікава.
Дарэчы, у Іркуцку людзі былі патруціліся не аптэчнаю настойкай, але сурагатным канцэнтратам глогу для прымання купелі. А таму айчынных аматараў спірту ў леках інфармацыя пра трагедыю не палохае.
«Гэтая вось лухта – яна барысаўская. А вось што патруціліся там у Іркуцку 52 чалавекі – там нейкая левая, перадавалі праз тэлевізар. А барысаўская, менская – нармальная», – кажа пакупніца.
Адным словам – аніякага хвалявання. Вось толькі навошта тады жлукціць тыя супакаяльныя ўвогуле?
Валер Руселік, «Белсат»