Найбуйнейшы будаўнічы праект Беларусі за мяжою праваліўся


Найбуйнейшы ў гісторыі беларускі будаўнічы праект за мяжою не будзе мець чаканага працягу. Як заявіў генеральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, будаўнічы філіял ягонай арганізацыі «Белгархімпрам» не стаў падаваць заяўкі на тэндар у будаўніцтве другога калійнага камбінату ў Туркменістане.

Першы туркменскі калійны камбінат, коштам мільярд долараў, «Белгархімпрам» нібыта скончыў будаваць сёлета. Урачыстае адкрыццё прадпрыемства прымеркавалі да афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан сёлета ў сакавіку.

Што праўда, як распавёў нам дырэктар туркменскай службы радыё «Свабода», тое, што калійны камбінат сапраўды запрацаваў, выклікае ў пэўных колах сумневы.

«Былі такія меркаванні, што здачу заводу падагналі пад прыезд Лукашэнкі», – зазначыў Фарух Юсупаў.

Лічбы кажуць лепей за словы

Ускосныя пацверджанні таго, што насамрэч шахта ўсё яшчэ дабудоўваецца, адмыслоўцы бачаць у міжнароднай статыстыцы калійных паставак.

«Магу спасылацца на агенцтва «Аргус». Паводле апошняй інфармацыі, што там ёсць, буйных кантрактаў там не праглядаецца. Адзіны кантракт – гэта была пастаўка 10 тысячаў тонаў угнаенняў. Яна датаваная трэцім ліпеня. То бок яны не запрацавалі ў поўным аб’ёме», – патлумачыў намеснік шэф-рэдактара TUT.BY Аляксандр Заяц.

Будаўніцтва камбінату летась выклікала міжурадавы скандал

Беларускі бок вінаваціў Ашгабад, што той затрымлівае аплату будаўнічых працаў. Туркмены, у сваю чаргу, вінавацілі беларусаў у зацягванні тэрмінаў будаўніцтва, якое мела завяршыцца яшчэ ў 2015 годзе.

Дакладна гэткія ж прэтэнзіі з боку заказніка гучалі і на другім буйным беларускім будаўнічым праекце за мяжою – будаўніцтве сацыяльнага жытла ў Венесуэле. Менск гэтыя закіды адкідаў і вінаваціў Каракас у нясвоечасовай аплаце, але потым завёў крымінальную справу супраць гендырэктара «Белзамежбуду» Юрыя Шаўцова.

У Туркменістане скончыліся грошы?

Нашыя крыніцы называюць верагоднаю прычынай адмены планаванага ўдзелу беларусаў у будаўніцтве другога калійнага камбінату ў Туркменістане не толькі хібы ў выкананні папярэдняга праекту, але і адсутнасць у Туркменістану грошай на гэты праект. Прынамсі на перадаплату.

«Туркменістан, паводле адмыслоўцаў, перажывае цяпер самы глыбокі крызіс з моманту атрымання незалежнасці. Для правядзення азіяцкіх гульняў у бюджэтнікаў утрымлівалі заробкі», – падзяліўся Фарух Юсупаў.

Незалежна ад прычыны, фактам застаецца, што самыя палітычна знакавыя будаўнічыя праекты Беларусі за мяжою – у Туркменістане ды Венесуэле, замест таго, каб даць пачатак доўгатэрміновай супрацы, спарадзілі шэраг скандалаў і, у выніку, сышлі на нішто.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат» Фота: Reuters / Forum