Міліцыянты з Берасця збілі хлопца да смерці?


29-га красавіка ў сценах шпіталю памёр 32-гадовы жыхар Берасця Андрэй Тарасенка. Паводле афіцыйнай версіі, прычынаю смерці была пнеўманія. Сваякі Андрэя не вераць у высновы дактароў. Яны цвердзяць, што тыдзень да смерці мужчыну жорстка збілі міліцыянты.

«На грудзях і жываце былі ўсюды гематомы. Калі прыехала хуткая і зняла футболку, каб зрабіць кардыяграму, усё было сіняе», – узгадвае Таццяна Мельнічук, маці Андрэя Тарасенкі.

Усё пачалося 23-га красавіка ў гарадской міні-кавярні «На Ясеневай»

Адсюль Андрэя Тарасенку даставілі ў апорны пункт. Падставаю затрымання, паводле міліцыі, была бойка. Аднак персанал кавярні гэтага не пацвердзіў. Паводле сваякоў памерлага, у апорным пункце адбылося жорсткае збіццё міліцыянтамі.

«Яны выклікалі хуткую ў апорны пункт. Доктар забіраў яго з апоркі ўжо збітага. Ён нам гэта сказаў. Доктар завёз яго ў шпіталь № 6. У прыёмным пакоі таксама пацвердзілі, што ў Андрэя былі цялесныя пашкоджанні», – кажа ўдава Андрэя, спадарыня Марына Тарасенка.

Дактары запэўніваюць, што вінаваты алкаголь

Тое, што цяпер непакоіць блізкіх памерлага, – гэта высновы дактароў наконт прычынаў смерці. У гісторыі хваробы нечакана зʼявілася інфармацыя, што Андрэй нібыта меў праблемы з алкагольнаю залежнасцю.

Сваякі Андрэя Тарасенкі лічаць высновы дактароў здзекам і спробаю схаваць праўду.

«Як можа моцна піць чалавек, у якога бізнес, у якога двое малых дзяцей, ён ездзіў на машыне!», – даводзіць Марына Тарасенка.

У Следчым камітэце трывае правяранне

«Паводле ўступных высноваў медыцынскай экспертызы, прычына смерці не носіць гвалтоўнага характару, а выкліканая захворваннем. У рамках разбірання канфіскаваная медыцынская дакументацыя, праводзіцца апытанне сваякоў, суседзяў і знаёмых мужчыны для ўстанаўлення падзеяў да шпіталізацыі. Таксама высвятляюцца абставіны атрымання ім цялесных пашкоджанняў, якія выявілі пры аглядзе», – заявілі ў Следчым камітэце.

Адметна, што менавіта тут актыўна пераконваюць блізкіх памерлага не падаваць заявы на завядзенне крымінальнае справы. Маці і ўдава Андрэя пастанавілі звярнуцца да медыяў і праваабаронцаў пасля прагляду на нашым тэлеканале на пачатку траўня матэрыялу пра збіццё міліцыяй у тым жа Берасці ў апорным пункце двух маладзёнаў, якіх таксама затрымалі ў кавярні.

«Я паглядзела сюжэт пра збіццё хлопцаў у апорным пункце на «Усходзе» і ў мяне склалася ўся мазаіка. Я перакананая, што памёр ён не ад пнеўманіі, а ад пабояў», – мяркуе ўдава Андрэя.

Хто адкажа за смерць?

Давесці гэта цяпер збіраюцца блізкія памерлага. Асноўная мэта – прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці Андрэя.

«У яго засталіся двое малых дзетак. Як цяпер жыць? Маё жыццё спынілася. Але я хачу дабіцца праўды. Я яму гэта абяцала, стоячы ля труны: я давяду і разбяруся, сынок», – кажа маці Андрэя.

Сваякоў Андрэя Тарасенкі можа чакаць доўгі шлях

«Па першае трэба звярнуцца ў органы пракуратуры і збіраць доказы, што Андрэў быў ахвяраю гвалту з боку міліцыі. Другое, трэба пастарацца знайсці сведкаў і зафіксаваць, што адбывалася падчас затрымання і ў якім стане чалавек быў у міліцыі», – тлумачыць праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Раскрыццё такіх справаў у Беларусі – хутчэй выключэнне

Цягам апошніх гадоў толькі адна справа гвалту ў месцах прымусовага ўтрымання дайшла да суда. Іншыя былі замеценыя пад дыван. Не малаважна і тое, што ахвяры міліцэйскага сваволля звяртаюцца да незалежных медыяў і праваабаронцаў даволі рэдка.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum