Аб'ектыў 05.11.2017 Міліцыя здымала ўдзельнікаў шэсця ў Курапаты з дрону


Бел-чырвона-белыя сцягі, «Пагоня», плакаты і кветкі. Некалькі сотняў чалавек прайшлі вуліцамі сталіцы ва ўрочышча Курапаты, дзе ў сталінскія часы было месца масавых расстрэлаў. Дзень памяці Дзяды ладзіцца традыцыйна. Шэсце дазволенае ўладамі, але пад пільным наглядам паўсотні міліцыянтаў.

«Дзяды – гэта адна з падвалін нашага нацыянальнага існавання. Гэта наша традыцыя, гэта наша ментальнасць, гэта наша культура, гэта яднанне людзей, якія паказваюць, што мы шануем сваю гісторыю, сваіх продкаў», – кажа намеснік старшыні КХП-БНФ Юрый Беленькі.

Таму месца мітынгу невыпадковае. Курапаты – месца пахавання нявінных ахвяраў сталінскага тэрору. І акцыя – гэта не толькі памяць, але і інфармаванне новых пакаленняў пра гісторыю, якая не можа паўтарыцца.

«Гэта ж ушанаванне продкаў, людзей, якія бязвінна забітыя расейскім НКВД. Яны знішчалі беларусаў толькі за тое, што яны беларусы», – распавядае ўдзельніца шэсця.

«Гэта мой маральны абавязак перад маймі продкамі. Адзін мой дзядзька, мамін брат, падчас мяцяжу яраслаўскага ў 1918 годзе быў патоплены бальшавікамі ў Волзе ў 24 гады, не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Ён быў апошнім з дваранскага роду Вішнеўскіх, збяднелых на Беларусі. Другі мой дзядзька, мамінай сястры брат, быў у 1937 годзе рэпрэсаваны», – кажа мужчына сталага веку.

І падобных гісторыяў у Беларусі тысячы. Рэпрэсіі працягваліся ў краіне з 1917 года да смерці Сталіна. Крывавы апагей прыпаў на 1937–38 гады. Машына тэрору знішчала прадстаўнікоў розных сацыяльных групаў. У нашай краіне, паводле розных ацэнак, пацярпелі ад 625 000 да паўтара мільёна чалавек. Рэпрэсіі амаль цалкам знішчылі нацыянальныя эліты.

І ад сённяшняе дзяржавы актывісты неаднаразова баранілі месца масавых расстрэлаў, Курапаты. Тут будавалі то менскую кальцавую, то забаўляльны комплекс, то офісны будынак. Апошняя будоўля на касцях сёлета ў лютым прывяла да грамадскіх пратэстаў. Актывіст Сяргей Пальчэўскі нават прыкаваў тады сябе кайданкамі да МАЗа. Будоўлю спынілі. А пра абарону Курапатаў пачалі гаварыць на дзяржаўным тэлебачанні. Аднак сёння здараюцца і такія правакацыі. У часе акцыі з’явіўся, паводле прысутных, пʼяны мужчына, які лаяўся матам ды абражаў удзельнікаў. Міліцыя не ўмешвалася, пакуль не пачалася валтузня.

«Звычайна содні даюць. А на гэтага проста не рэагавала міліцыя. Я не думаю, што гэта было падстроена, думаю, што гэта проста неадэкватны жыхар гораду Менску. Але тое, што міліцыянты не рэагавалі зусім, гэта сведчыць пра іх стаўленне, што гэта рэальна не ахова, а яны яшчэ патрабуюць міліцыя вялікія грошы за акцыі», – кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

А яшчэ нядаўна нават галоўны рэдактар «СБ – Беларусь Сегодня» Павел Якубовіч ініцыяваў збор грошай і праектаў для мемарыялу памяці Курапаты. Гаварыў, што на Дзяды ўсім варта ісці разам. Аднак сёння дзень памяці ініцыявала і правяла КХП – БНФ.

«Прыйшлі тыя людзі, каторым баліць. Пакуль што грамадства яшчэ спіць, але наперадзе, я вам хачу сказаць, беларус трымае, трымае, але потым загукае», – мяркуе адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі.

І Беларусь жыве – пакуль жыве нацыянальная памяць.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары