Міліцыя: Няма пашпарту? На калені!


25-га сакавіка берасцейскія міліцыянты затрымалі 14-гадовага Ваню Стральцова. Брутальныя паводзіны людзей у пагонах зафіксавалі на відэа работнікі цырульні.

«Ехаў, апрануў балаклаву, каб твар не абдзьмухвала і акуляры. У гэтым месцы ён праязджаў са знаёмым разам, спынілі іх. Знаёмы паказаў пашпарт, яго адразу адпусцілі. А дзіцёнка сцягнулі з ровара ў грубай форме», – распавядае бацька затрыманага Дзмітрый Стральцоў.

Падлетку заламалі рукі ды паставілі на калені

Праз момант на месцы здарэння апынуўся ягоны бацька. Але гэта не спыніла сілавікоў.

«Я падышоў літаральна хвілінаў праз 10. Яны ачапілі дзіцёнка падвойным колам, міліцыянты, каб я да яго наагул не падышоў. І як злачынцу пачалі запіхваць у газель», – абураецца Дзмітрый.

З Ленінскага РАУСу хлопец выйшаў толькі праз 4 гадзіны. Бацькам не змаглі патлумачыць, на якой падставе адбылося брутальнае затрыманне.

Інцыдэнт адбыўся пасля акцыі на плошчы Леніна

Сюды кожны тыдзень прыходзяць праціўнікі акумулятарнага заводу, які будуюць у ваколіцах абласнога цэнтру. Людзі стаяць мірна, без лозунгаў, кормяць галубоў.

«У Берасці досыць масава арганізаваныя гэтыя пратэсты. І магчыма няма цярпення, каб іх збіць. Таму ідуць на такія неадэкватныя захады, каб запалохваць людзей», – мяркуе праваабаронца Алег Волчак.

Пасля здарэння з падлеткам 26 мацярок з Берасця і Берасцейскага раёну напісалі зварот да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Яны просяць даць тлумачэнні ды прававую ацэнку дзеянняў міліцыі.

За час, калі Шуневіч ачольвае міліцыю, адбыўся шэраг скандалаў

Незаконныя і брутальныя затрыманні сталі фірмовым знакам беларускіх сілавікоў. Сам міністр Шуневіч называе скандальныя факты інфармацыйнаю вайною супраць міліцыі.

Вольга Жарнасек, «Белсат»