Лукашэнка і Пуцін не дамовіліся ані пра газ, ані пра інтэграцыю


Сёння на своеасаблівы калядны цуд, магчыма, спадзяваўся і Аляксандр Лукашэнка, што паехаў у Крэмль з валізкаю назапашаных праблемаў, якіх «не хоча цягнуць у новы год». У той валізцы пытанні інтэграцыі і расейскіх энерганосьбітаў. Пасля чатырохгадзінных перамоваў з Пуціным выглядае на тое, што дамовіліся мала пра што. Далей гутарыць будуць у межах працоўных групаў, а пытанне кошту газу адклалі да 2020 году.

Пакуль беларуская дэлегацыя дабіралася да Масквы, першы віцэ-прэм’ер Расеі Антон Сілуанаў закінуў беларусам, што паміж абедзвюма краінамі «за апошні час давер згубіўся».

«Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка ідзе да нас, падакцызныя тавары – цыгарэты, запаўняюць нашыя рынкі», – заявіў Сілуанаў.

Апроч кантрабанды праз мяжу, суседку не задавальняе невыкананне Беларуссю ўмоваў Саюзнай дзяржавы 1999 года, падпісаную пры Ельцыне.

«1999 год… Лукашэнка марыў узначаліць агульную беларуска-расейскую аб’яднаную дзяржаву. Але неўзабаве да ўлады прыйшоў Пуцін», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Дзверы ў Крэмль для Лукашэнкі зачыніліся. Запаволілася інтэграцыя Беларусі ў адзіную падатковую, мытную, грашова-крэдытную і эканамічную палітыку.

Упершыню за апошнія 10 год Уладзімір Пуцін настойвае на паскарэнні інтэграцыі, а ягоны калега называе гэта замахам на суверэнітэт Беларусі.

Сёння «спроба нумар пяць» знайсці кампраміс адбывалася ў зачыненым рэжыме. Нават калі б на саступкі пайшлі абодва бакі – то гэта нераўназначны абмен, кажа Валер Карбалевіч.

«Кампенсацыя за падатковы манеўр павінная ісці ўжо з 1 студзеня 2019 года. То бок грошы ідуць… А перамовы пра стварэнне Саюзнай дзяржавы могуць цягнуцца гадамі і так нічым не скончыцца».

Паводле такой стратэгіі Беларусь у Саюзнай дзяржаве існуе ня першы год. Аднак упершыню Масква ўвязала пытанне інтэграцыі з далейшаю дапамогай Беларусі.

Ці блізкі трэнням канец – кіраўнікі вырашаць сам-насам, без удзелу дэлегацый. У складзе расейскай сёння нават не прысутнічае адказны за нафта-газавыя пытанні міністр.

Юлія Цяльпук, фота – Alexander Nemenov/Pool/Reuters/Forum