Аб'ектыў 15.12.2017 Лагвінец: Пуцін – як наркадылер, які кажа пра наркамана


Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падчас сваёй вялікай прэс-канферэнцыі зноў згадаў, што Масква субсідуе Менск бязмытнай нафтай.

«Беларусь атрымала права бязмытна атрымліваць ад нас 24 мільёны тонаў нафты, экспартаваць іх за мяжу, а атрыманы прыбытак залічваць у свой бюджэт. Гаворка ідзе пра мільярды долараў», – зазначыў прэзідэнт Расеі.

Уладзімір Пуцін хітруе

Летась Менску было экспартавана толькі 18 мільёнаў тон нафты. Астатнім аб’ёмам Крэмль доўга шантажаваў урад Беларусі. Сёлета мы можам атрымаць нават і менш – за першыя 10 месяцаў на беларускія НПЗ прыйшло няпоўныя 15 мільёнаў тон сыравіны.

«Калі мы кажам пра заяву Пуціна гэта заява наркадылера, які кажа пра наркамана. Маўляў, ён спажывае і будзе спажываць і без гэтага не выжыве. Беларусь патрапіла ў пастку недаразвіцця і немадэрнізацыі з-за гэтай залежнасці», – тлумачыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Пуцін нагадаў пра поспехі Еўразійскага эканамічнага саюзу

А менавіта – рост тавараабарачэння на 29 % і рост ВУП амаль на 2 % сярод краінаў-чальцоў. А за ўсё прыемнае, як вядома, трэба плаціць.

«Што нам давядзецца зрабіць? Мы пра гэта дамаўляліся з калегамі. Электроннае дэклараванне тавараў, супольныя пасты. Што дрэннага, калі на нашых пастах будуць калегі з Беларусі, а нашыя будуць на іхных пастах?», – дадаў Пуцін.

Варта заўважыць, што нават у саюзах з больш глыбокай ступенню інтэграцыі, як, напрыклад, у Еўразвязе, такой практыкі няма. Кожны сам дбае пра свае нацыянальныя інтарэсы на сваіх межах.

Зразумела, што ідэя аддаць частку суверэнітэту і кантролю над уласнымі межамі не выклікае захаплення ў іншых чальцоў ЕАЭС, але расейскі прэзідэнт і гэта прадбачыў, калі ўдакладніў, што «Некаторыя мае калегі лічаць, што гэта няправільна, але я паспрабую іх пераканаць».

Як Крэмль умее пераконваць, мы памятаем на прыкладзе нафтавых паставак.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары