Аб'ектыў 24.01.2018 Катастрофа для ІП: у Беларусі – алігархія


Мінус 26 тысячаў чалавек за 5 гадоў. Гэткія страты пацярпелі шэрагі індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі з 2011 да 2016 года. І гэта – толькі паводле афіцыйных звестак. Калі ж тэндэнцыя змяншэння колькасці ІП захаваецца, дробны бізнес у нашае краіне спыніць сваё існаванне ўжо ў недалёкай будучыні – у 2028-ым.

«Мы не можам разлічваць на тое, што ў будучым мы атрымаем сярэдні і буйны бізнес. Гэтага папросту не будзе. Таму тут трэба казаць пра тое, што адбываецца катастрофа, краіна пераходзіць на алігархічную сістэму існавання, запоўніўшы ўсё буйнымі прадпрыемствамі, пры гэтым мэтанакіравана зніштажаючы малы бізнес», – папярэджвае лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка.

Чаму ІП сыходзяць?

Калі з 2011 года на сыход індывідуальных прадпрымальнікаў з рынкаў паўплывала дэвальвацыя, збядненне насельніцтва і, адпаведна, – падзенне попыту на тавар, то з 2016-га важкім грузам на плечы іпэшнікаў упаў 222-гі ўказ. Абавязковая сертыфікацыя кожнай адзінкі тавару адлюстравалася на павышэнні спажывецкіх коштаў, якія сталі не па кішэні для насельніцтва.

На адмену 222-га ўказу чыноўнікі не пайшлі. Паводле лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі, гэтая памылка дорага каштавала дзяржаве.

«У самы пікавы 2013 год для індывідуальных прадпрымальнікаў, калі яны працавалі да 222-га ўказу, і ў 2016 годзе, калі яны працавалі па 222 указе, розніца ў сумаў плацяжоў, якія паступалі ў бюджэт склала мінус $ 100 млн», – даводзіць Анатоль.

Што здарылася з тымі, хто ўжо не ІП?

Сярод тых, хто застаўся ў бізнесе, частка прадпрымальнікаў была вымушаная зарэгістравацца ў якасці юрыдычных асобаў. Некаторыя ж папросту перанеслі бізнес за межы радзімы.

«Хто проста кідае гэты бізнес, мы гэта бачым па тых пустых месцах на рынках, у гандлёвых дамах, некаторыя з’язджаюць за межы Беларусі, калі яны больш-менш паспяховыя, калі ў іх ёсць яшчэ сілы на гэта, яны адкрываюць свой бізнес у Расеі, ва Украіне, і ў Польшчы», – зазначыў эканаміст Леў Марголін.

Дадатковае падаткаабкладанне ў выглядзе электронных накладных ды чыпаванне – праблемы, з якімі прадпрымальнікі сутыкнуліся ў 2017-ым, – працягваюць стрымліваюць развіццё бізнесу тых, хто яшчэ застаўся на плыву.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Аляксандр Чугуеў / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары