Аб'ектыў 08.11.2017 Камуністы Калякіна спрабуюць апраўдаць рэпрэсіі ў СССР


Кастрычніцкі пераварот – выпадковасць ці гістарычная заканамернасць? Ці быў «чырвоны» тэрор адказам на супраціўленне белых? Як крывавыя падзеі паўплывалі на лёс Беларусі і беларусаў?

Адказы праз 100 гадоў, шукаюць гісторыкі ды палітыкі

Фелікс Дзяржынскі, адзін з ініцыятараў масавых рэпрэсіяў ды стваральнік карнай машыны – ВЧК, вызначаў чырвоны тэрор як «застрашванне, арышты і знішчэнне ворагаў рэвалюцыі паводле прынцыпу іхнай класавай прыналежнасці». Адмыслоўцы звязваюць чырвоны тэрор не толькі з карнымі захадамі бальшавікоў падчас Грамадзянскай вайны, то бок з 1917-ага да 1923-га года, але і ўвогуле за ўвесь перыяд існавання савецкай улады. Ацаніць наступствы падзеяў гэтай знішчальнай палітыкі, у тым ліку для Беларусі, сёння спрабавалі падчас адмысловай дыскусіі.

Барацьба бальшавікоў з контррэвалюцыяй стала адказам на іншы тэрор – антыбальшавіцкі, лічаць прадстаўнікі левых рухаў. Аўтар адмысловай справаздачы, галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк, не падзяляе меркавання гісторыкаў аб тым, што чырвоны тэрор распачаўся фактычна адразу пасля прыходу бальшавікоў да ўлады, а стаў магчымы толькі пасля падрыўной дзейнасці прадстаўнікоў белых рухаў.

«Замах на нямецкага амбасадара Мірбаха, забойства Урыцкага, забойства Валадарскага. Яраслаўскі мяцеж пад кіраўніцтвам палкоўніка Пятрухіна, дзе 200 прыхільнікаў савецкай улады пасадзілі на баржу і вывезлі на цэнтр Волгі, дзе яны амаль два тыдні сядзелі без ежы і вады: выжылі толькі 109 асобаў. Таму так, чырвоны тэрор быў, але ён распачаўся толькі ў верасні 1918-га года», – упэўнены Сяргей.

Лічбы ахвяраў чырвонага і белага тэрору несупастаўляльныя

І калі гэтак званы антыбальшавіцкі супраціў закрануў прыкладна 250–300 тысячаў асобаў на падкантрольных саветам тэрыторыях, то ў першыя гады пасля Кастрычніцкага перавароту чэкісты знішчылі, паводле розных падлікаў, 1,5-2 мільёны грамадзянаў – у тым ліку святароў, інтэлігенцыю, навукоўцаў.

«Аніякага апраўдання і аніякіх лагічных тлумачэнняў быць не можа. Гэты быў тэрор супраць свайго народу, і аніякага белага адцення ён ужо не насіў», – упэўнены гісторык Ігар Кузняцоў.

У той жа час чырвоны і белы тэрор масава не закрануў беларускія землі ў першыя гады пасля бальшавіцкага перавароту, падкрэслівае суразмоўца, бо Беларусь у 1918–1920-ыя гады знаходзілася пераважна пад польскаю і нямецкаю акупацыяй. Аднак Грамадзянская вайна скончылася, чырвоныя перамаглі белых, а рэпрэсіўная машына працягвала забіраць у свае жаролы лёсы мільёнаў ні ў чым не вінаватых беларусаў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары