Беларуская эканоміка працягне расці і налета. У найгоршым выпадку – не менш чым на 1,1 %. Паводле аптымістычнага сцэнару, павелічэнне ВУП разгоніцца ўтрая хутчэй, чым цяпер. З гэткім прагнозам выступіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
«Паляпшэнне замежнай канʼюнктуры і павелічэнне ўнутранага попыту могуць забяспечыць рост 3-4%, але ён забяспечыць вельмі сціплы ўзровень аднаўлення эканомікі і толькі частковую кампенсацыю стратаў папярэдніх гадоў», – тлумачыць эканамічны аглядальнік Леанід Фрыдкін.
Рухавікамі эканамічнага росту налета, паводле планаў ураду, стануць замежныя інвестыцыі на 1,5 млрд, павелічэнне прадуктыўнасці працы на 3 % і экспарту – на 6 %. Рэальныя даходы насельніцтва, у выніку, маюць вырасці на 3 %.
Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, за апошнія шэсць гадоў Беларусь перажыла шокавую дэіндустрыялізацыю. Колькасць работнікаў прамысловасці зменшылася на адну шостую. Закрыліся амаль 600 прадпрыемстваў. А доля нізкатэхналагічнай вытворчасці павялічылася з чвэрці ў 2011 годзе да больш чым траціны ад агульнай летась.
«Тут такі ідэальны шторм чыннікаў. Гэта нізкі ўзровень інвестыцыяў, што абумоўлена нізкім узроўнем даходаў насельніцтва і рэсурсаў прадпрыемстваў. Нізкая плацежаздольнасць прадпрыемстваў. Няздольнасць залучыць замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі з-за інстытуцыйных праблем», – даводзіць Фрыдкін.
Сёлета інвестыцыі ў асноўны капітал – то бок у мадэрнізацыю старых заводаў і будаўніцтва новых – змяншаюцца чацвёрты год запар. А гэта значыць, што павялічваецца і тэхналагічнае адставанне нашай краіны ад сусветнага ўзроўню. У выніку, тлумачаць адмыслоўцы, калі заробак і падымуць да абяцанага ўзроўню налета, то ён абрынецца назад адразу ж, як толькі перастане даражэць нафта.
Станіслаў Івашкевіч, Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Damir Sagolj / Reuters / Forum