Аб'ектыў 26.02.2018 Хто «крышуе» беларускую малочку ў Расеі?


Горад Бранск. Расейская сетка крамаў «Петерочка». Беларускія малочныя харчы тут складаюць моцную канкурэнцыю расейскім.

Аднак з 6-га сакавіка гэтае права можа быць абмежаванае. На гэты дзень «Рассельгаснагляд» перанёс забарону на ўвоз прадукцыі беларускай вытворчасці. Сярод вырабаў, якія падпалі пад санкцыі, малако, вяршкі, сыроватка ды канцэнтраты бялку.

На мінулым тыдні Сяргей Сідорскі, чалец калегіі ў справе прамысловасці і аграпрамысловага комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі, заявіў, што законных падставаў для забароны няма. «Рассельгаснагляд» адказаў разгорнутым пералікам парушэнняў беларускага боку.

Праблема ў рээкспарце санкцыйных харчоў з Украіны і Еўразвязу

«…Пад выглядам вытворцаў краінаў, якія не трапілі пад дзейныя абмежаванні (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай). Гаворка ішла аб легалізацыі 150 тысяч тонаў забароненай да ўвозу ў Расею прадукцыі. «Рассельгаснагляду» спатрэбіўся ўсяго адзін дзень для таго, каб звязацца з ветэрынарнымі службамі Ірану, Македоніі, Сан-Марына і Кітаю і атрымаць ад іх адказ, што дадзеная прадукцыя на адрас беларускіх і расейскіх атрымальнікаў не адгружалася», – патлумачылі ў Рассельгаснаглядзе.

Іншы прыклад махінацыяў, ад якіх цярпяць не толькі расейскія, але і беларускія прадпрыемствы, прыводзіць прадстаўнік Расейскага саюзу вытворцаў малака. Вядзецца пра беларускія вырабы, арыентаваныя на трэція краіны.

«Пры пастаўках у трэція краіны кошты ў РБ традыцыйна ніжэшыя, чым на пастаўкі ў РФ. У выніку гэтая прадукцыя не даязджае ў трэція краіны, але асядае ў Расеі. Гэтак прадукцыя псуе коштавую кан’юнктуру на ўнутраным рынку і негатыўна ўплывае як на расейскіх, гэтак і на беларускіх вытворцаў. Калі мы кажам пра ацэнку эфектаў, канкрэтныя лічбы назваць складана. Але тое, што ад гэтых рэчаў традыцыйна цярпяць не толькі расейскія вытворцы, але і беларускія – гэта адназначна», – мяркуе дырэктар аб’яднання Арцём Бялоў.

Гэткія схемы – не ініцыятыва на месцах

Яны ўхваленыя на самым версе беларускага кіраўніцтва – неаднаразова заяўлялі айчынныя эксперты.

«Размова ідзе не пра спецыялістаў аграпрамысловага комплексу, не пра перапрацоўшчыкаў. Яны маюць справу з вышэйшымі беларускімі ўладамі», – тлумачыць Аляксандр Ярашук, былы намеснік старшыні Менаблвыканкаму па аграпрамысловым комплексе.

Эканаміст Яраслаў Раманчук ідзе яшчэ далей

«Я б параіў Рассельгаснагляду шукаць канцы ў Расеі. Таму што без расейскіх канцоў гэтыя схемы ніколі не адбудуцца. Таму што крышуюць гэта вельмі высокія людзі ў сілавых структурах. Тут беларусы толькі на падхваце – нейкія паслугі аказваюць», – даводзіць ён.

Абвінавачанні беларускіх прадпрыемстваў у рээкспарце санкцыйнай прадукцыі пасыпаліся пасля ўвядзення Расеяй контрсанкцыяў. Яны сталіся адказам на еўрапейскія захады з прычыны анексіі ўкраінскага Крыму.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: BelTA / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары