Аб'ектыў 21.12.2017 ХК «Гомель» стаў уладальнікам Кубка Беларусі


Хакей

Хакейны клуб «Гомель» пяты раз у сваёй гісторыі зрабіўся ўладальнікам Кубка Беларусі, які з 2012-га года носіць імя Руслана Салея. У першым матчы фінальнай серыі клуб з берагоў Сажа на сваім лёдзе ўнічыю 2:2 разышоўся мірам з «Нёмнам».

А ўжо на пляцоўцы гарадзенцаў другі матч і вызначыў уладальніка ганаровага трафею. У першай 20-хвілінцы каманды абмяняліся ўзяццямі брамы, а шайбы закідвалі Герман Несцераў і Аляксей Бадун. У другім перыядзе «Нёман» наперад вывеў Сяргей Маляўка, а ў пачатку трэцяга перыяду лік аднавіў Ігар Равенка. Оўвэртайм апынуўся безгалявы, а серыя пасляматчавых булітаў прынесла вікторыю «Гомлю», вызначальны хакейны пенальці – на рахунку аўтара першай шайбы Германа Несцерава. Дзякуючы заваяванню Кубка «Гомель» стаўся адзінаасобным лідарам у колькасці заваяваных трафеяў, на рахунку сталічнага «Юнацтва» – 4 Кубкі.

Валейбол

Два валейбольныя клубы, якія рэпрэзентавалі Беларусь на міжнароднай арэне, прабіліся ў другі этап еўракубкавых турніраў. Менскі «Будаўнік» у 1/16-ай фіналу Кубка выкліку на «Чыжоўка-Арэне» у двубоі ў адказ з сухімі 3:0 нанёс паразу швейцарскай «Лёзане» і прабіўся ў наступны раўнд турніру. Нагадаю, што ў гасцях каманда Сінгаеўскага прагуляла 2:3.

Баскетбол

Стартавая сустрэча другога групавога этапу гульняў на Кубак ФІБА-Еўропа крыўдна скончылася для сталічных «Цмокаў». На сваім паркеце Круцікаў і кампанія пры роўнай барацьбе цягам усяго матчу ў выніку саступілі дацкаму клубу «Бакен Бэрз» усяго адзін пункт, 85:86.

Гандбол

Гасцявым разгромам ад славенскага «Гарэня» завяршыў свой выступ БГК у гэтым годзе. У межах гульняў СЭГА-лігі калектыў Сяргея Бябешкі атрымаў аплявуху ад суперніка ў выглядзе мінус 9 мячоў, а выніковыя лічбы на табло 37:28, вікторыя гаспадароў. Гэта ўжо друга запар параза БГК у гэтым турніры, раней мяшкоўцы ўдома саступілі яшчэ аднаму славенскаму клубу, «Цэле», 30:34. У турнірнай табліцы СЭГА-лігі БГК месціцца на чацвёртай пазіцыі.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: newgrodno.by

Глядзі таксама
Каментары