Грошы на чорны дзень. Колькі іх у дзяржавы?


Больш за два месяцы імпарту можна пакрыць золатавалютнымі рэзервамі, якія Беларусь мае на сённяшні дзень. Гэта – прыблізна траціна ад таго ўзроўню бяспекі, які лічыцца дастатковым паводле метадалогіі Міжнароднага валютнага фонду.

Прагрэс уражвае

З пачатку году ўраду ўдалося нарасціць залаты запас на $ 2,5 млрд – амаль да $ 7,5 млрд. І гэта – найвялікшы ўзровень з канца 2013 года. Улады тлумачаць свой поспех наступным чынам.

«Сёлета намеціўся пэўны рост эканомікі. Ёсць станоўчыя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак – устойлівы. Сальда замежнага гандлю – станоўчае», – тлумачыць поспех Лукашэнка.

Стабілізацыі валютнага рынку паспрыялі адмоўныя эканамічныя працэсы

Перадусім – зніжэнне даходаў насельніцтва ў 2015-2016 гадах ды іх стагнацыя летась. Збядненне людзей дазволіла скараціць спажывецкі імпарт і вымусіла іх прадаваць долары, прыпасеныя на чорны дзень. Маштабны выезд беларускіх гастарбайтараў за мяжу таксама падтрымаў курс рубля, за кошт валюты, якую яны прывозяць са сваіх шабашак у Расеі ці Польшчы. Усё гэта дазволіла ўладам утрымліваць стабільны курс рубля без валютных інтэрвенцыяў. То бок – не марнуючы золатавалютных рэзерваў.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, золатавалютныя рэзервы працягвалі б змяншацца і надалей, з прычыны хранічнай стратнасці буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. У сярэдзіне мінулага года віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што ўрад выдзеліць МАЗу чарговую порцыю падтрымання на $ 0,5 млрд, а Гомсельмашу – на $ 645 млн. Патрэба Менскага трактарнага заводу ў дзяржаўных інвестыцыях ацэньваецца больш чым на $ 1 млрд.

«Калі вытворчасць прыбытковая, тады, чым больш мы робім прадукцыі, тым больш атрымліваем прыбытку. Калі яна стратная, то чым больш мы робім прадукцыі, тым больш мы атрымліваем стратаў. А страты гэта – згубленыя зваротныя сродкі. І іх трэба ўвесь час папаўняць. Якраз гэта і робіць дзяржава», – каментуе эканаміст Леў Марголін.

Насамрэч, леташняе павелічэнне золатавалютных рэзерваў амаль на $ 2,5 млрд тлумачыцца тым, што гэтыя грошы проста пазычылі за мяжою. З пачатку года замежны доўг Беларусі павялічыўся на $ 3 млрд. Агулам дзярждоўг, з улікам дзяржаўных прадпрыемстваў, па выніках трох кварталаў сёлета склаў 55 % ад валавога ўнутранага прадукту. На выплаты адсоткаў за гэтыя даўгі ўрад сёлета траціў 2 % ад валавога ўнутранага прадукту, запавольваючы, такім чынам, эканамічны рост нашай краіны ўдвая.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: peakpx.com