Аб'ектыў 25.08.2017 Грошай няма, а заробкі бюджэтнікам выраслі. Чаму?


Амаль 11 % ад пачатку года. З улікам сённяшняга павышэння тарыфнай стаўкі, менавіта на столькі вырасце да канца года намінальны заробак бюджэтнікаў. З улікам інфляцыі прыбытак – значна меншы, але рост усё ж ёсць, тлумачаць адмыслоўцы.

Адкуль грошы?

Сродкі на павелічэнне заробкаў зʼявіліся дзякуючы ажыўленню замежных рынкаў і, адпаведна, павелічэнню экспарту. Але, перадусім – дзякуючы новым замежным крэдытам. Ад пачатку года дзяржаўная запазычанасць Беларусі вырасла на 7,5 % і перавысіла ўзровень 40 % ад памеру ўсёй эканомікі.

Дзякуючы даўгавым і экспартным паступленням у бюджэт кіраўніцтва краіны вырашыла перавыканаць план павелічэння заробкаў. Паводле першапачатковага бюджэту на гэты год, дзяржаўным службоўцам планавалася павысіць намінальны заробак толькі на 9 %.

Праўда, з улікам беспрацоўя, сярэднія рэальныя прыбыткі беларусаў усё роўна пакуль адстаюць ад мінулага года амаль на 1 %. Але нават гэты ўзровень надоўга ўтрымаць можа і не ўдасца. Нагрузка на бюджэт у выплатах адсоткаў за ўзятыя замежныя крэдыты расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі ў 2015-м годзе гэта было 4 % ад бюджэту краіны, то летась ужо 10 %, а сёлета – 15. У гэтай сітуацыі нават дробнае падзенне экспартных коштаў або перабой з новымі пазыкамі пагражае новым крызісам і абвалам прыбыткаў насельніцтва.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары