Гомельскія актывісты супраць будаўніцтва на габрэйскіх могілках


Гомельскія актывісты супраць гарвыканкаму: неўзабаве на вуліцы Сожскай паўстане чарговы шматпавярховік, але будуюць яго на месцы былых габрэйскіх могілак. Актывісты ды гісторыкі бʼюць у званы ды ўжо стварылі петыцыю ў міністэрства культуры, але замест паўнавартасных археалагічных раскопак забудоўнік разам з МНС выкапалі толькі тры неглыбокія катлаваны.

Першы катлаван усяго метр глыбінёй

«Другі катлаван больш глыбокі і прыкладна мае глыбіню 1,80 метры, але не дайшоў да пясчанай асновы, у якой павінныя былі праводзіцца пахаванні. Пошукі праводзіліся ў будаўнічым смецці», – тлумачыць архітэктар Сяргей Ляпін.

Паводле закону, будаваць на месцы пахаванняў нельга нават калі там знайшлі хаця б адну костку, на вуліцы ж Сожскай пасля агляду шурфаў іх знайшлі адразу некалькі. Таму, пакуль кампанія-забудоўнік «УКС-ДРОНГО» прапаноўвае гамельчукам браніраваць кватэры ў будучым «доме на касцях», актывісты патрабуюць часова прыпыніць будоўлю і правесці археалагічныя раскопкі па ўсіх правілах, а знойдзеныя парэшткі – перапахаваць.

«Мы разумеем, што цэнтр гораду будзе забудоўвацца, бо ўсе гарады так ці інакш пабудаваныя на могілках, гарады пашыраліся, але трэба рабіць усё цывілізавана, бо гісторыя гэта наша будучыня, і яна павінна паважацца людзьмі, якія хочуць зарабіць грошы ў нашым горадзе», – даводзіць грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак.

Гэта ўжо не першы канфлікт мясцовых уладаў з актывістамі

Напачатку году жыхары змаглі адстаяць Веткаўскі музей, а летась пераканалі чыноўнікаў, што падземны пераход на Плошчы Леніна непатрэбны.

Аднак пакуль будаўніцтва працягваецца, а мясцовае тэлебачанне абвінаваціла актывістаў у тым, што яны нібыта самі падклалі косткі на будаўнічую пляцоўку – і нават прысвяцілі гэтаму расследаванню пяціхвілінны сюжэт. Гісторыка Яўгена Малікава, што дапамагаў грамадскім актывістам, пагражалі звольніць з універсітэту транспарту, у якім ён выкладае.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: gomel.today