Аб'ектыў 20.09.2017 Глыбоцкую згушчонку далучылі да заводу, адкуль усе ўцякаюць


Вядомы на ўсю краіну і за яе межамі. Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, вытворцу знакамітага глыбоцкага згушчанага малака, далучылі ў якасці філіялу да менш паспяховага і не такога буйнога Глыбоцкага камбікормавага заводу.

«Ну ўсе ж думаюць… што горш будзе. Заробкі стануць меншыя».

«Брэнд наш ведалі, прадукцыю нашую ведалі, а цяпер…Пакуль нехта даведаецца, на гэта ўсё патрэбны час».

– кажуць працаўнікі малочнага камбінату.

Акцыянеры прадпрыемства пагадзіліся на гэткае далучэнне

Пакуль на ранейшых умовах і з ранейшымі заробкамі. А вось як будзе далей – невядома. Непакой за будучыню гэтай інтэграцыйнай структуры выклікае найперш камбікормавы завод.

«Усе ўцякаюць адтуль. Бо начальства ставіцца па-іншаму. А па-другое – умовы працы і заробкі зусім іншыя. Там людзі нічога не зарабляюць», – даводзіць працаўнік Глыбоцкага МКК Алег Парфянковіч.

Чаму ўсё гэта адбываецца і што цяпер будзе?

У размове з «Белсатам» галоўны інжынер прадпрыемства Ігар Шымко запэўніў, што брэнд глыбоцкай згушчонкі застанецца такім жа пазнавальным, і патлумачыў, чаму ўвогуле адбылося такое злучэнне.

«Гэта пытанне не да мяне і не да камбінату. Звяртайцеся не ў канцэрн, а ў Віцебскі аблвыканкам. Гэта ініцыятыва не камбінату, проста ёсць указ, які вымушаныя выконваць усе рэзідэнты», – паведаміў ён.

Ніхто не разумее навошта ўсё гэта

Логіку ўладаў не разумеюць нават тыя, хто пражыў тут усё жыццё і на свае вочы бачыў, як прадпрыемства развівалася ды з кожным годам заваёўвала новыя рынкі збыту. Пакуль жа беларусы спрачаюцца, якое згушчонае малако лепшае – рагачоўскае ці глыбоцкае, улады пашыраюць практыку гэткіх далучэнняў паспяховых прадпрыемстваў да патэнцыйных банкрутаў.

«Была б логіка ў тым, каб нейкі бізнесовец купіў гэты камбінат ды зрабіў там глыбокую мадэрнізацыю. Ніхто ніякую глыбокую мадэрнізацыю на гэтым камбінаце з боку камбікармовага заводу рабіць не будзе», – мяркуе прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

А таму і спадзявацца на высокія эфектыўныя паказнікі, мяркуе адмысловец, а пагатоў на павышэнне заробкаў, звычайным працаўнікам не варта.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары