Аб'ектыў 22.09.2017 Глыбокае. Помнік Леніну прыбралі, але перадумалі ды вяртаюць абратна


Дасюль кіраўнік Глыбоцкага райвыканкаму Алег Морхат збольшага быў вядомы станоўчымі ініцыятывамі. Напрыклад, у горадзе ўсталёўвалі помнікі выбітным беларусам – Вацлаву Ластоўскаму, Юзэфу Корсаку, Язэпу Драздовічу ды іншым. Таксама гараджане запомнілі музычны выступ кіраўніка адміністрацыі на «Вішнёвым фестывалі».

Сёлета кіраўнік гораду пастанавіў да стагоддзя кастрычніцкага перавароту ўсталяваць у райцэнтры бюст Леніну, знесены ў 2012-м.

«У цяперашняй улады каша ў галаве. Старшыня райвыканкаму ў царкве бывае, у касцёле бывае і Леніну помнік ставіць», – кажа мясцовы журналіст Кастусь Шыталь.

Пра ўсталяванне манументу гараджане даведаліся з радыё

Алег Морхат патлумачыў неабходнасць наяўнасці не толькі вуліцы Леніна, але і бюста тым, што «гісторыю трэба цаніць».

«Прабачце мяне, нельга так казаць. Гэта не ёсць гісторыя наша. Гэта – наша трагедыя. У чым можам пакаяцца – гэта так. Але афішаваць гэта ні ў якім разе нельга. І калі ў сённяшні час мы ставім помнікі крывавым дыктатарам, то што нас чакае ў будучым?», – пракаментаваў сітуацыю ксёндз Вячаслаў Барок.

Працэсы дэкамунізацыі адбываюцца ў суседзяў Беларусі

У Польшчы дзеіць закон аб забароне праслаўлення і прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу.

Ва Украіне ў жніўні паведамілі пра знос на неакупаваных тэрыторыях апошняга з вядомых помнікаў Леніну. Тым жа шляхам ідзе Літва, дзе ў цэнтры сталіцы месціцца Музей ахвяраў генацыду, вядомы як музей КДБ.

За час улады камуністаў пад рэпрэсіі трапілі ад некалькіх соцень да некалькіх тысячаў жыхароў Глыбоцкага раёну. У сорак сёмым НКВД там жа разграміла Саюз беларускіх патрыётаў. Гэтыя ды іншыя аргументы краязнаўца Кастусь Шыталь выклаў у адкрытым лісце з просьбаю да кіраўніка выканкаму не ўшаноўваць Леніна.

«Бальшавіцкая ўлада ў Глыбокім усталявалася на нейкі час у лістападзе 1918-га года. І да жніўня 1919-га яны тут былі. Чым запомніўся гэты час? Тэрорам, расстрэламі без суда і без следства, рабункамі», – абураецца Кастусь.

Дарэчы, хоць і не надта актыўны, але ўсё ж супраціў праслаўленню камуністычнай ідэалогіі існуе і ў нашай краіне. У красавіку на дзень народзінаў Леніна ягоны помнік у Магілёве аблілі чырвонаю фарбаю. Тое самае напярэдадні адбылося ў Берасці, Браславе і мястэчку Малеч.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: sobesednik.ru

Глядзі таксама
Каментары