Сённяшні дзень у судзе Фрунзенскага раёну Менску быў надзвычай напружаны. Фігуранты карупцыйнай справы, якія дагэтуль заставаліся на волі, на разбіранне прыбылі з асабістымі рэчамі ды ў чаканні выракаў. Тое, што яны прагучаць, ніхто не сумняваўся.
Па пяць-шэсць гадоў правядуць за кратамі 11 былых працаўнікоў ашмянскай мытні. З прысудамі не згодныя сваякі асуджаных.
«Абвінавачваюць у тым, што нідзе не зафіксавана. Усё будуецца на нейкіх здагадках. Гэтак можна кожнага пасадзіць», – абураўся брат аднаго з асуджаных.
Былых працаўнікоў пункту пропуску «Каменны Лог» прызналі вінаватымі паводле ч.3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». Назіральнікі не сумняваюцца, што гэта адна з самых буйных карупцыйных справаў апошніх гадоў. Аднак хібы доказнай базы выклікаюць пытанні: ці пакараныя ўсе адказныя ды ці ўсе трапілі за краты справядліва.
«Хабары прыходзілі ад людзей бізнесу праз пасярэднікаў. Пасля яны прыходзілі да начальнікаў аддзелаў, а начальнікі аддзелаў раздавалі сваім замам, а замы раздавалі шараговым інспектарам. Я не выключаю, што замы не дзяліліся з інспектарамі, але калі завялі справу, яны, каб зняць з сябе адказнасць, здзейснілі паклёп», – звяртае ўвагу журналіст Віктар Федаровіч.
Суд на мытнікамі з Ашмянаў цягнецца амаль год. 8-га жніўня ў Маскоўскім абласным судзе сталіцы выракі ад пяці да адзінаццаці з паловаю гадоў зняволення пачулі шаснаццаць асобаў, якія выконвалі кіроўныя функцыі на мытні. Агулам у справе праходзіць больш за шэсць дзясяткаў чалавек. Як выявіла следства, карупцыйная схема паспяхова дзеяла пяць гадоў. У ёй удзельнічала пераважная большасць асабістага складу ашмянскай мытні. Праз беларускую мяжу за вялікія хабары без кантролю праходзілі фуры з кветкамі.
Кіраўніцтва адкрыта прызнае, што за апошнія два з паловаю гады за карупцыю звольненыя каля 300 яе працаўнікоў.
Ян Бабіцкі, «Белсат»