Фермер з-пад Берасця абвесціў галадоўку супраць катаванняў у турме


Амаль не здольны самастойна трымацца на нагах, схуднелы, з нездаровым колерам твару. Менавіта такім на судзе родныя і блізкія пабачылі маларыцкага селяніна Мікалая Бельчука, якога судзяць за нібыта супраціў міліцыянтам.

Ужо амаль месяц у сценах следчага ізалятару № 7 у Берасці Мікалай Бяльчук трымае бестэрміновае галадаванне – радыкальная захада – пратэст супраць гвалту і прыніжэнняў, якія, паводле Мікалая, ён зазнаў ад міліцыянтаў ды працаўнікоў СІЗА.

Катуюць, а пасля забараняюць лячыцца

«Аблівалі халоднаю вадою. Распраналі, лілі прама ў ложак ваду халодную. Потым крыху давалі перадышацца, сагрэцца, зноў лілі ваду», – распавядае Іван Бяльчук, бацька Мікалая.

Паводле таты селяніна, Івана Бельчука, за час галадавання сын страціў 15 кілаграмаў вагі.

«На нашыя просьбы аб шпіталізацыі СІЗА нам адмовіла. Кажуць, што яго не забірае хуткая. Два разы, маўляў, прыязджала, і хуткая яго не забірае. Узнікае пытанне – якая ж у нас ахова здароўя, калі чалавек не вінаваты яшчэ, ідзе суд, а яго не шпіталізуюць? Ён ужо не ходзіць…», – абураецца спадар Бяльчук.

Выпадкі міліцэйскага гвалту спускаюцца на тармазах

Выпадкі міліцэйскага гвалту ў дачыненні звычайных грамадзянаў – нярэдкая зʼява. Вось колькі свежых прыкладаў: шырокавядомым зрабіўся працэс над 17-цігадовым менчуком Аляксандрам Харутам, які нібыта збіў амапаўца. А ў Століне інспектар РАУСу некалькі разоў удараў 9-цігадовага хлопчыка. Пры гэтым караюць у гэткіх выпадках не міліцыянтаў, якія здзяйсняюць гвалтоўныя дзеянні, а іхных ахвяраў, як у выпадку з Мікалаем Бельчуком.

Сам Мікалай Бяльчук раней заяўляў, што спыніць галадаванне толькі пасля сустрэчы з журналістамі і праваабаронцамі, якіх па-ранейшаму не пускаюць да абвінавачанага. Наступнае ж паседжанне ў справе селяніна з-пад Маларыты ў Берасцейскім раённым судзе адбудзецца 1-га снежня.

«А да першага дажыве ён ці не – невядома…», – плача бацька Мікалая.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: virtualbrest.by