Аб'ектыў 03.08.2017 Лукашэнка хоча яшчэ дзяцей


«Нашае галоўнае багацце – чалавечы капітал», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым багацця кіраўніку краіны хочацца ўдвая болей: кіраваць ён марыць не няпоўнымі дзесяццю, а хаця б дваццаццю мільёнамі беларусаў. Аднак чым можа абярнуцца краіне большая колькасць грамадзянаў – дабрабытам ці стратамі?

Што баяцца шматдзетным бацькам у Беларусі?

«Адно дзіця – гэта вашае, другое таксама вашае, а трэці – мой. На сто адсоткаў пяты і наступны – гэта мой», – здзівіў Лукашэнка.

Але і гэтага кіраўніку Беларусі мала. Сёння Лукашэнка заявіў, што дынаміку прыросту насельніцтва трэба павялічваць.

«Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А найгалоўнейшая наша задача, якую не мы дык нашыя дзеці павінныя вырашыць, – 15 мільёнаў насельніцтва», – упэўнены кіраўнік Беларусі.

Адмыслоўцы: людзей больш, чым дастаткова

«У Беларусі больш за тры мільёны людзей не трэба пры сучасным узроўні развіцця тэхнікі і прадукцыйнасці працы. Таму што мы сабе ў страты жывем. Давайце на ўзроўні здаровага сэнсу гэта ацэнім: у Бангладэш людзей многа, сядзяць адзін на адным і жывуць бедна. У Канадзе і Аўстраліі людзей мала і жывуць багата», – кажа эканаміст Міхал Залескі.

Усё залежыць ад эфектыўнасці працы людзей. А таму ўяўленні кіраўніка краіны, абранага ў мінулым стагоддзі, у сучасным свеце памылковыя.

«Не разумеюць сутнасці сучасных тэхналогій і робяць стаўку на людзей. Ні гэтыя заводы нашыя, ні людзі на іх ужо хутка нікому не будуць патрэбныя. Мы адстаём. Ужо робяць грузавікі без кіроўцаў, робяць цягнікі без кіроўцаў і гэтыя грузавікі і цягнікі робяць робаты», – дадаў эканаміст.

Так у чым праблема?

Калі б краіна стымулявала развіццё тэхналогій і прадпрымальніцтва, то і чыноўнікам не даводзілася б выслухоўваць заведама невыканальныя загады ад Лукашэнкі – стварыць умовы для нараджальнасці, забяспечыць людзей працай і палепшыць іх дабрабыт.

А пакуль Лукашэнку даводзіцца з высокіх трыбунаў кіраваць не толькі чыноўнікамі, але і асабістым жыццём людзей.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Alessandro Di Ciommo / Zuma Press / Forum

Глядзі таксама
Каментары