Дзень віртуальнай рэальнасці на кінафестывалі «Лістапад»


Кіно, якое кожны бачыць паасобку ў сваіх акулярах, але і разам – бо побач цэлая зала такіх жа гледачоў. У межах фестывалю «Лістапад» адбыўся Дзень віртуальнай рэальнасці, дзе паказалі 16 сферычных фільмаў з Францыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Іспаніі, Індыі, Беларусі, Расеі ды Польшчы.

Надзяваем адмысловыя акуляры і проста тэлепартуемся ў свет, які стварыў для нас рэжысёр. Дзякуючы кіно ў фармаце 360 градусаў мы можам адчуць сябе на вяршыні гары або, скажам, у пашчы акулы.

Сферычнае кіно – гэта не заўжды экстрэмальныя сітуацыі

Гэта і дзіцячая анімацыя, камедыі, сямейныя драмы. Першы беларускі мастацкі фільм у фармаце 360 градусаў – стужка «Белым па чорным» – якраз пра складанасці творчасці ва ўмовах сямейнага жыцця.

«Ну што казаць, на тым жа Венецыянскім фестывалі пад гэтую справу вылучылі цэлую выспу. А пару тыдняў таму Іньярыту атрымаў «Оскар» за свой праект, прэм’ера якога была ў Канах, звязаны з віртуальнай рэальнасцю непасрэдна», – кажа куратар праекту Мітрый Соркін.

У свеце з’ява набірае папулярнасць, практычна ўсе буйныя кінафестывалі ўжо маюць асобныя намінацыі для фільмаў віртуальнай рэальнасці.

Аляксандра Дорская, «Белсат»