Дзень народзінаў Лукашэнкі: каб не памыліцца, лепей віншаваць два разы


63-ці дзень народзінаў Лукашэнкі. 23 гады ён едзе за стырном Беларусі. Ён і спартсмен, і з касой у полі вучыць самога Жэрара Дэпардзье, і гатовы, як літаратурны Джэк, пабудаваць дом. Адным словам, і швец, і жнец.

«Людзі не ўспрымаюць сурʼёзна ні Аляксандра Лукашэнкі, ні яго атачэння, ні таго, што яны робяць. Таму для Аляксандра Лукашэнкі яго залаты час прайшоў. Калі б гадоў пяць назад ён ціхенька сышоў з чырвонага дома, ён у свядомасці многіх людзей застаўся б з вялікім знакам плюс», – мяркуе лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Традыцыйна – вінаватыя чыноўнікі

А Лукашэнка 23 гады змагаецца з карупцыяй, будуе квітучыя заводы і вёскі. Але з вынікамі неяк не вельмі. А тут і пенсійны ўзрост падкраўся непрыкметна.

Затое добра атрымліваецца гуляць у хакей. Асабліва – калі супернік ведае, хто пераможца. Як у Цэнтрвыбаркаме, Лідзія Ярмошына таксама ведае, хто чэмпіён. Міжнародная грамадскасць можа быць нязгодная. А з апанентамі ўнутры краіны хутка распраўляюцца. З некаторымі – бясследна. Сімвалічна, што дзень народзінаў кіраўніка прыпадае на Міжнародны дзень зніклых без вестак. Такіх амаль дваццаць гадоў таму было некалькі чалавек.

Пуцін тэлефанаваў, віншаваў

А вось у расейска-беларускіх адносінах Лукашэнка пабурчыць-пабурчыць ды і зменіць гнеў на брацкія пацалункі. А Масква не забывае: то крэдыт падкіне, то зазвоніць тэлефон у дзень нараджэння.

«Уладзімір Пуцін цёпла павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з Днём Нараджэння, пажадаўшы яму моцнага здароўя і далейшых поспехаў. У прэс-службе дадалі, што раней прэзідэнт Расеі накіраваў беларускаму лідару віншавальную тэлеграму», – паведаміла агенцтва «Белта».

Калі віншаваць – незразумела

Хоць афіцыйная старонка кіраўніка называе заўтрашнюю дату днём нараджэння. А вось старонка «Вікіпедыі» – сённяшнюю. Блытаніна з прычыны таго, што некалькі гадоў таму Лукашэнка перасунуў свята на адзін дзень наперад, каб нарадзіцца з малодшым сынам Колем у адзін дзень. Так што можна віншаваць і па-новаму, і па-старому. Любові ніколі не бывае шмат.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Reuters / Forum