Аб'ектыў 16.11.2017 Дэпутаты хочуць прымусіць кіроўцаў плаціць дарожны падатак


Юрый – адзін са шмат якіх аўтаўладальнікаў, якія не праходзяць тэхагляду і не сплочваюць гэтак званага дарожнага падатку. Бо лічыць гэта нявартым.

«Я не плачу дарожны падатак ад самога пачатку, бо было зразумела, што пачатковай сумай не абмяжуюцца і адно падвышэнне мы ўжо перажылі. Таксама не існуе сістэмы кантролю за расходам сабраных выдаткаў і мы не можам ведаць на што выдаткаваныя нашыя сродкі. І таксама мы бачым стан нашых дарог», – канстатуе мужчына.

Новыя змены не за гарамі

Паводле прадпрыемства «Белтэхагляд», колькасць аўтаў, якія праходзяць тэхнічны кантроль, штогод змяншаецца. А з імі і паступленні ў бюджэт. Таму ў парламенце прапаноўваюць разбіць плату за карыстанне дарогамі на часткі і зрабіць яе незалежнай ад тэхагляду.

«Я не думаю, што будзе колькасць людзей павялічвацца. Я думаю, што наадварот колькасць зменшыцца, таму што многія паставяць альбо прададуць машыны», – упэўнены аўтаэксперт Фёдар Сухаў.

Мыта на ўдзел у дарожным руху ўвялі амаль чатыры гады таму

Яно больш як на дзве траціны запаўняе дарожны фонд, прыблізна 60 % адлічаецца на рэспубліканскія дарогі, каля 40 % – на мясцовыя. Дэпутаты выступаюць за тое, каб павялічыць суму адлічэнняў у мясцовыя бюджэты да 70 %, бо існых сродкаў не дастаткова, каб утрымліваць дарогі ў належным стане. Пры гэтым кіроўцы скардзяцца, што памер адлічэнняў на рамонт дарог з кожным годам усё большы. Таму, пакуль не набудуць моц змены ў закон, аўтааматары, як той жа Юрый, будуць пазбягаць тэхаглядаў і сустрэчаў з працаўнікамі ДАІ.

Таццяна Белашова, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары