Чыноўніца сплаціла чужыя штрафы. Ёй пагражае 10 гадоў


Аграгарадок Мушына месціцца зусім побач з расейскай мяжой. Цяпер тут атмасфера напружаная, мясцовыя ўлады ад каментароў адмаўляюцца. Бо раней па БТ абвесцілі аб крымінальнай справе супраць старшыні за злоўжыванне ўладай.

«Старшыня сельвыканкаму ў 2015-16-м гадах незаконна прыцягнула 13 чалавек да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, якія яны не здзяйснялі», – зазначыў Алксандр Шаройкін з Камітэту дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці.

Каб ніхто не здагадаўся, жанчына сама выплачвала штрафы, выпісаныя парушальнікам.

Вяскоўцы характарызуюць старшыню з добрага боку

Заўжды дапамагае, працы не баіцца, і ўласнаручна прыбірае смецце з чужых надзелаў.

«Яна хацела як лепш, калі ўносіла свае грошы, то хацела, як лепш».

«Яна за іх плаціла штраф, бо іх палова – беспрацоўныя. Хто на заробках, хто дзе».

«Яны самі прыбіраюць. З сельсавету бывае, выходзяць і старшыня, і сакратар, і сацпрацаўнікі»,

– даводзяць жыхары Мушына.

Які загад, такое і выкананне

Як раней паведаміла газеце «Наша Ніва» сама старшыня – Вольга Дадыкіна, у 2015-ым і 2016 годзе з Магілёва пастаянна прыходзілі запыты, колькі вяскоўцаў аштрафавана за беспарадак на ўчастках. Праверкі і санстанцыі патрабавалі ўсё больш пратаколаў. Старшыня і стала выпісваць, але толькі на тых, хто сапраўды меў раскіданае смецце ці павалены плот.

«Вяскоўцам я пісала мінімальныя сумы штрафаў – 0,1 базавай. Тады былі мізэрныя заробкі і выпісваць максімальныя, ведаеце… Шкада было людзей… Часам аплачвала штрафы сама. Бо калі штраф не сплачаны ў пэўны тэрмін, справа ідзе ў суд. Таму я і плаціла, каб на людзей у суд не падавалі», – тлумачыць спадарыня Дадыкіна.

Гэтак робяць паўсюль

У гэтым упэўнены Рыгор Кастусёў, які ў свой час кіраваў саўгасам. Памеры і колькасць штрафаў закладаюцца ў бюджэты рэгіёнаў у залежнасці ад колькасці жыхароў. І ўся вертыкаль улады патрабуе ад чыноўнікаў выпісваць людзям новыя пратаколы і штрафы.

«Такім чынам трэба судзіць усіх старшынь сельскіх саветаў, бо карыстаюцца такімі метадамі іншыя. Такім чынам трэба судзіць кіраўнікоў міліцыі і ДАІ, якія даводзяць планы сваім супрацоўнікам. Трэба судзіць і кіраўнікоў раёнаў, гарадоў, абласцей – і кіраўніцтва рэспублікі Беларусь, тых, хто прыдумаў гэты абсурд», – мяркуе старшыня партыі БНФ.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў штогод прымаюць дзяржаўны бюджэт, дзе прапісаны прыбытак ад штрафаў. Сёлета гэта Br 131 млн.

Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, калі кіраўніца аграгарадку сапраўды плаціла свае грошы, то можа звярнуцца да праваабаронцаў па юрыдычную дапамогу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum