Чыноўнікі махлярствам дацягваюць заробак да $ 500


Разавыя прэміі, спекуляцыі на каўбасе ды проста – звычайнае махлярства. Гэткімі метадамі кіраўніцтва некаторых беларускіх прадпрыемстваў імкнецца выканаць загад Аляксандра Лукашэнкі выйсці на сярэдні заробак Br 1000 паводле вынікаў снежня.

На дзяржпрадпрыемствы паступіў цыркулярны ліст

У ім кіраўніцтву дзяржаўных прадпрыемстваў нагадваецца пра персанальную адказнасць за выкананне даручэння Лукашэнкі павялічыць заробкі ў снежні. Праўда, услед за гэтым лістом з’явіўся наступны, з падказкамі, як гэтага можна дасягнуць. Вытрымкі з ліста цытуе інтэрнэт-выданне naviny.by, якое кажа, што мае дакумент у сваім распараджэнні.

Раней выданне «Наша Ніва» абнародавала ліст чытача, які паведамляў, што на Барысаўскім «Аграмашы» работнікам палову працоўных дзён афармляюць як выходныя за свой кошт, хоць яны ў гэтыя дні працягваюць працаваць. А, паводле вынікаў месяца, плацяць як звычайна.

Прадпрыемствы, якім прыбыткі дазваляюць, выкручваюцца разавымі прэміямі

Іх падаюць як навагодні падарунак. Але згодна з паперамі гэта – не падарунак, а заробак, бо з яго спісваюць падаткі ды выплаты ў ФСАН.

«Шмат якія прадпрыемствы цяпер выплачваюць прэміі, дапамогу. Напрыклад, Белкалій, Br 180 выплачвае кожнаму работніку. Азот, напрыклад, гарадзенкі – Br 300», – распавядае Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага Незалежнага прафсаюзу

Крэатыўны спосаб падняць заробак знайшло кіраўніцтва МАЗу

Спачатку там збіраліся выдаць прэмію Br 50, але потым вырашылі павялічыць яе ўдвая. Закупілі на запланаваную суму праз бартар каўбасаў і зефіру за гуртовы кошт. А потым раздалі іх работнікам, аформіўшы ўдвая даражэй – паводле раздробных коштаў. З гэтага харчовага падарунку таксама спаганяецца падатак як з заробку.

Незалежныя прафсаюзы ставяцца да такой актыўнасці насцярожана. З аднаго боку, беларускія работнікі зарабляюць менш, чым каштуе іхная праца, – пра неэфектыўны дзяржапарат і карупцыю. Але адміністратыўнае павелічэнне заробкаў, мяркуюць прафсаюзы, пагражае крызісам у недалёкай будучыні, як гэта ўжо бывала не раз.

Хоць апошні рывок да зададзенай Br 1000 на месяц, нярэдка, выконваецца пры дапамозе хітрыкаў ды прыпісак, заробкі на МАЗе, напрыклад, сёлета сапраўды выраслі больш як на 10 %. Але, як вынік, чыстыя страты прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся сёлета на чвэрць, паведамляе Белстат.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum