Чаму стасункі Беларусі ды Сербіі імкліва паляпшаюцца?




Сціпла, разам са звычайнымі пасажырамі рэйсавага самалёта «Люфтганзы» – гэтак распачаў свой двухдзённы візіт ў Менск прэзідэнт Сербіі Томіслаў Ныкалыч.

Вялікі сябра беларускага народу ў Еўропе

Гэтак Ныкалыча называе Аляксандр Лукашэнка. Таму і сённяшнюю сустрэчу кіраўнік Беларусі пачаў менавіта з узнагароды сербскага лідара Ордэнам за ўнёсак у развіццё міждзяржаўных адносінаў.

Неверагодны рост таваразвароту

З 2008-га года таваразварот паміж Беларуссю і Сербіяй вырас амаль у пяць разоў і дасягнуў 250-ці мільёнаў долараў у 2015-ым. І хоць летась гэты паказнік знізіўся больш як удвая, Бялград і Менск абяцаюць падняць аб’ёмы да паўмільярда долараў. Тым больш, кажуць Томіслаў Ныкалыч і Лукашэнка, ёсць добрыя прыклады супрацы – у Сербіі працуюць зборачныя цэхі беларускіх трактараў і аўтобусаў. А ў Беларусі, між іншага, рэалізоўваюць сербскія будаўнічыя праекты.

«Мы вывелі нашыя стасункі на такі высокі ўзровень, што яны ніколі не былі лепшымі чымся цяпер»,– падкрэсліў прэзідэнт Сербіі.

Візіт Ныкалыча ў якасці прэзідэнта – апошні

Ужо 31-га траўня на пасадзе кіраўніка Сербіі яго заменіць Александар Вучыч, былы прэм’ер Сербіі і колі.

І дзейны прэзідэнт, і новаабраны Вучыч выступаюць за стратэгічную супрацу з Еўразвязам. І ў той жа час гэта не перашкаджае абодвум выступаць за цесную супрацу з Расеяй і называць яе адным з асноўных партнёраў.

«У Сербіі даволі моцныя панславянскія насторі. І яна традыцыйна блізкая да Расеі. Таму і Беларусь разглядаецца як хаўруснік Расеі, як краіна ідэйна блізкая. Вядома што напрыклад у 2015-ым годзе сербскія вайскоўцы ўдзельнічалі нават у вайсковых вучэннях на тэрыторыі Беларусі», – тлумачыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Сербскія палітолагі жартавалі

Маўляў, праз сяброўства з Крамлём палітыкі пераймаюць і некаторыя механізмы перадачы ўлады. Як прызнаваўся ў лютаўскім інтэрв’ю расейскаму агенцтву «РИА-новости» Томіслаў Ныкалыч, ён напісаў да Вучыча прапанову.

«Ён высоўвае сваю кандыдатуру, а я яго падтрымаю з улікам таго, што тады я па праве чакаю свайго вяртання на пасаду старшыні Сербскай прагрэсіўнай партыі ды мне давераць фармаванне новага ўраду», – зазначыў дзейны прэзідэнт Сербіі.

Ужо пасля перамогі Вучыча на выбарах, палітолагі загаварылі, што Ныкалыча не прызначаць прэм’ерам, бо ён страціў падтрыманне сербаў. Для Аляксандра Лукашэнкі ж кожны візіт высокіх чыноў з Еўропы, як зручная нагода падмацаваць уласны імідж, цвердзяць палітолагі.

«Любыя адносіны з еўрапейскаю краінаю падаецца як аргумент таго, што ён не загнаў Беларусь у самаізаляцыю», – даводзіць спадар Лагвінец.

У той жа час, адмыслоўцы нагадваюць, што сяброўства сяброўствам, але ўзважыўшы усе выгоды, Сербія ў 2012 годзе ўсё ж падтрымала санкцыі Еўразвязу супраць афіцыйнага Менску.

Юрый Салодкі, «Белсат»