Чаму сацыял-дэмакраты вераць у выбары?


Змены ў Беларусь прыйдуць праз выбары, упэўненыя сябры БСДП (Грамада). Партыя стала адзінай, хто сёлета вылучыў больш кандыдатаў у дэпутаты, чым на мінулых выбарах.

«У нас у парты ўсяго на сённяшні дзень зарэгістравана 54 кандыдаты. Гэта не такая ўжо маленькая лічба. Праўда, спадзяванняў, што яны стануць дэпутатамі ў мяне няма», – кажа старшыня партыі Ірына Вештард.

Што прапаноўваюць сацыял-дэмакраты?

Менавіта дзяржаўнаму і палітычнаму ладу партыя прысвяціла першую частку сваёй праграмы.

Паводле БСДП, нават рэвалюцыйны змены маюць адбыцца мірна – праз правядзенне свабодных, адкрытых і справядлівых выбараў. Апроч таго, прапаноўваецца абмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта да прадстаўнічых і зрабіць Беларусь парламенцкаю рэспублікай.

Але найбольшую ўвагу сябры партыі прысвяцілі сацыяльнаму блоку сваёй праграмы, бо, як кажуць, Беларусь – сацыяльная дзяржава толькі на паперы.

У сваёй БСДП прапаноўвае перайсці да больш прагрэсіўнага шляху развіцця, цягам 5-ці гадоў стварыць паўмільёна новых працоўных месцаў ды ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу.

Пры гэтым партыя выступае за годную аплату працы, якасную медыцыну, а таксама роўны ўзрост выхаду на пенсію.

Лёгка сказаць. А як зрабіць?

«Як рэалізоўваць гэтую праграму? Бярэцца тэзіс і далей яго можна даводзіць да ўзроўню законапраекта, што мы ў прынцыпе і будзем збірацца рабіць. Возьмем, напрыклад, на 2018 год 1-2, можа 3 тэзісы і прапрацуем іх да ўзроўню законапраекта», – кажа намеснік старшыні партыі Ігар Барысаў.

Праграма ўтрымлівае 120 прапановаў, у тым ліку і для вонкавай палітыкі. БСДП выступае за паступовую інтэграцыю ў Еўразвяз і пашырэнне бязвізавага рэжыму. У якасці прыкладу для сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця сацыял-дэмакраты называюць скандынаўскія краіны, збудаваныя на прынцыпах роўнасці ды супольнага дабрабыту.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Viktor Drachev / ITAR-TASS / Forum