Чаму «Джылі» прайграе «Ладзе»?

Беларусы сядаюць на новыя дарагія аўты. Аўтазавод «БелДжы» пахваліўся тым, што па выніках года выйшаў на рэнтабельнасць 5 %. Але хоць аўтамабілі «Джылі» дзякуючы льготным крэдытам набываюць усё больш ахвотна, народнымі аўтамі яны пакуль не сталі, бо саступаюць расейскім маркам.

За 2019 беларусы набылі больш новых аўтамабіляў, чым у папярэднія гады: ажно 64,5 тысячы машынаў. Рынак расце. Хаця, як адзначае старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у асноўным гэта грошы, адкладзеныя на потым у цяжкія 2014-16 гады. Сярод лідараў у колькасці продажаў – танны расейскі седан «Лада Веста», таксама расейскай зборкі седан «Volkswagen Polo» і айчынны кросоўвэр «Джылі Атлас», які збіраюць пад Жодзіна з кітайскіх камплектных дэталяў – больш за 3 тыс. за год.

«Здзіўляюць продажы «Джылі Атлас», бо гэтая машына не танная, даражэй, чым «Лада Веста» і «Polo» седан, тым не менш, уражваюць аб’ёмы продажаў і трэцяе месца», – адзначае старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

Агулам завод «БелДжы» летась прадаў больш за 20 тысяч аўтамабіляў – у Беларусі ды Расеі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Па грошах гэта прыкладна $ 250 млн. Гэта аб’ём продажаў за 2019 год. Гэта дазволіла нам выйсці на рэнтабельнасць в 5%», – паведаміў дырэктар «БелДжы» Генадзь Свідзерскі.

У лістападзе 2017-га, калі Аляксандр Лукашэнка ездзіў на «БелДжы» націскаць сімвалічную кнопку «Пуск», ён патрабаваў прадаваць прынамсі 35 тысячаў за год, іначай завод «застанецца дарагой цацкай»:

«Сёння ўраду даручана распрацаваць захады, выйсці хаця б на 60 тысячаў аўтамабіляў, прадаваць на ўнутраным і замежным рынку. Гэта невялікая колькасць», – даваў устаноўку Лукашэнка.

Пакуль «БелДжы» прадае ўтрая менш, але, як тлумачыць Генадзь Свідзерскі, кампенсуе выдаткі больш дарагой камплектацыяй. Пры тым абсалютная большасць айчынных кліентаў скарысталася льготнымі крэдытамі, кампенсаванымі дзяржавай. І ў 2020-м гэтыя крэдытныя праграмы застануцца, каб утрымаць цікаваць беларусаў да маркі. Але зрабіць сапраўды «народны аўтамабіль» у «БелДжы» пакуль не выйшла.

«Усё залежыць ад таго, наколькі шырока будзе прадстаўленая гэтая марка ў сегменце бюджэтных седанаў», – тлумачыць Сяргей Міхневіч.

Тут беларускі рынак упэўнена захоплівае расейская «Лада Веста» з больш прывабнымі крэдытамі ды коштам.

«Мы спрабавалі таксі, спрабавалі… Карацей кажучы, ёсць рынкавыя механізмы, якія мы мусім уключыць, каб уварвацца ў гэтую тройку», – заявіў Генадзь Свідзерскі.

А што б выбралі самі пакупнікі: замежную «Ладу» ці айчынны «Джылі»? Мы спыталі магілёўцаў:

«Джылі адназначна. Мадэль падабаецца, і крэдыт добры даюць».

«Расход (у «Джылі») – па 12 літраў на 100 км – ён высокі. А па Ладзе – там якасць зборкі зусім кепская».

«Калі з двух выбіраць, то Ладу. Бо сэрвіс распаўсюджаны, з запчасткамі праблемаў няма. А «Джылі» яшчэ сырая».

«Ні Джылі, ні Ладу».

«Джылі не прайшло свае выпрабаванні. А Лада ёсць Лада».

Як тлумачаць адмыслоўцы, прыгнаць танны нямецкі або французскі аўтамабіль цяпер беларусам не па кішэні з прычыны высокага мыта і збораў. Затое льготныя крэдыты і лізінгавыя праграмы, кампенсаваныя дзяржавай, перацягнулі аматараў еўрапейскага б/у на новыя беларускія і расейскія аўты.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама