Бунт у аграгарадку: цярпенне працаўнікоў сельскагаспадарчага кааператыву «Крыўск», што месціцца ў аднайменным паселішчы, лопнула: ні з пушчы ні з поля заробкі знізіліся ў разы, а гаспадарка да прыходу маразоў апынулася непадрыхтаваная.
«Сараі разваленыя, каровы стаяць мерзнуць як страусы на адной назе, заробкі ўрэзалі, як пашумелі – зарплата нам да 0, па 50 рублёў на рукі».
«У нас дэталяў няма, у нас аліва няма, машыны якія развальваюцца».
«З працы выганяць – дармаед, плаці за беспрацоўе, а чым ты будзеш плаціць, калі не даюць працаваць? А калі праца ёсць, то няма годнай аплаты. 150 рублёў – як за гэтыя грошы пражыць, як за гэта сям’ю пракарміць? І за гэтыя грошы змагацца. Дзе 1000 рублёў абяцаныя?».
– абураюцца працаўнікі прадпрыемства.
Аднак начальнік аховы прадпрыемства, які таксама пагражаў звальненнямі незадаволеным, пра заняпад гаспадаркі нічога не чуў.
На бок працаўнікоў стаў галоўны аграном прадпрыемства Міхаіл Вар’яновіч – але дырэктар, са словаў Міхаіла, у адказ на заўвагі і яму пачаў пагражаць звальненнем.
Механізатары і кіроўцы папярэджваюць: калі сітуацыя на прадпрыемстве не зменіцца, а пагрозы звальнення працягнуцца, супрацоўнікі паедуць у Менск наўпрост да Лукашэнкі.
Настасся Храловіч, «Белсат»