Прыклад паспяховага змагання супраць ушчыльнення паказалі жыхары Магілёва. Калі ўлады вырашылі аддаць апошняе вольнае месца на праспекце Дзімітрава пад будаўніцтва чарговай крамы, людзі рашуча выказаліся супраць.
Праблемаў з гандлёвымі аб’ектамі мясцовыя жыхары не маюць, але ўлада хоча развязаць праблему, якой няма, нават не запытаўшы людзей. Афіцыйнага абмеркавання забудовы зялёнай зоны між дамамі на праспекце Дзімітрава, што ў Магілёве, не адбылося – на паседжанні 19-га снежня прысутнічаў толькі адзін чалавек. Як кажуць мясцовыя, ім проста належным чынам не паведамілі аб паседжанні.
Рэакцыі не трэба было доўга чакаць. Мясцовыя жыхары сабралі каля 300 подпісаў супраць забудовы і чыноўнікам давялося пайсці на саступкі ды зарганізаваць новае абмеркаванне. Што праўда, не ў будынку школы, як планавалася раней, а ў кепскае надворʼе пад адкрытым небам. З усіх прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі на сустрэчы прысутнічаў толькі галоўны архітэктар гораду Уладзімір Скачак.
«Улічылі ўсе вашыя меркаванні, і размяшчэнне дадзенага абʼекту адкладзена да больш дэталёвай апрацоўкі і праектная дакументацыя распрацоўвацца не будзе, пакуль не пройдзе паўторнае грамадскае абмеркаванне аб якім вы будзеце паведамлены», – заявіў ён.
Кажуць, што не былі пачутыя. Улады абяцаюць знайсці новага інвестара, які ўлічыць патрэбы жыхароў. Але жыхары ўвогуле не хочуць бачыць тут гандлёвы комплекс. Сустрэча пры гэтым праходзіла ў актыўных спрэчках: магілёўцы выказвалі свае прапановы, зыходзячы з уліку сваіх патрэбаў.
Падтрымаць іх прыйшлі і грамадскія актывісты.
Сітуацыя ў Магілёве паказвае што людзі могуць быць пачутыя і ёсць магчымасці ўплываць на ўлады, і трэба спадзявацца, што чыноўнікі прыслухаюцца да народу і спыняць не патрэбнае жыхарам будаўніцтва.
Міхась Слаўнікаў, «Белсат»